Кіраўніца руху «Русские матери» Ірына Бэргсэт: Еўропа – гэта геі і фашызм


Выкрывальніца гомасексуальных змоваў і расейская «праваабаронца», абвінавачвае нарвежскія ўлады ў бесчалавечнасці.

Эмігрантка, жыхарка Нарвегіі ды лідарка міжнароднага руху «Русские матери» Ірына Бэргсэт зноў нагадала пра сваё існаванне. Расяянка ўкраінскага паходжання абрынулася з крытыкаю на нарвежскае правасуддзе, абвінаваціўшы ўлады гэтай дзяржавы ў фашызме.

Паводле Бэргсэт, нарвежскія сацыяльныя службы неабгрунтавана і беспадстаўна забралі ў грамадзяніна Расеі Андрэя Прыказчыкава дваіх ягоных сыноў.

«Гэта самы натуральны кіднэпінг, фашысцкія метады….Прыязджаць у Нарвегію з дзіцем стала небяспечна», – прыводзіць словы лідара руху «ИТАР-ТАСС».

Хто такая Ірына Бэргсэт?

Грамадзянка Расеі. Жыве ў Осла. Дзявочае прозвішча – Фралова. У 2010 г. сацыяльныя службы Нарвегіі забралі ў яе двух сыноў. Пасля чаго Бэргсэт заявіла, што ейнага малодшага сына прымусілі браць удзел у групавым палавым акце, пры гэтым дзіця апранулі ў касцюм Уладзіміра Пуціна. Жанчына мяркуе, што ўсё гэта адбылося з ініцыятывы ейнага экс-мужа, грамадзяніна Нарвегіі Курта Бэргсэта, якога яна абвінавачвае ў педафіліі. Такія абвінавачванні Бэргсэт закідвае не толькі былому мужу, але і ўсяму Еўразвязу.

Змагарка з педафіламі і геямі

Адзін з галоўных кірункаў дзейнасці міжнароднага руху «Русские матери» – барацьба з распаўсюдам у Еўропе гендарнай тэорыі. Арганізацыя аб’ядноўвае бацькоў, якія прытрымліваюцца традыцыйных поглядаў на выхаванне дзяцей.



Лідарка руху неаднаразова заяўляла пра сваё негатыўнае стаўленне да Еўропы і праекту мультыкультурнага грамадства, які прадугледжвае талерантнае стаўленне да прадстаўнікоў гей-супольнасці, іншаземцаў і людзей рознага веравызнання.

На думку Ірыны Бэргсэт, Еўропу ахапіла хваля гомасексуальнай прапаганды. Грамадзянка Расеі, якую ў інтэрнэце ўжо даўно ахрысцілі вар’яткай, падзяляе погляды тэарэтыка расейскага неаімперыялізма Сяргея Кургіняна (лідара руху «Суть времени»), які сёлета вёў перамовы з Ігарам Гіркіным пра пастаўкі зброі для прарасейскіх баевікоў на Данбасе.

Украіна, Еўрасадом і Гамора

Спадарыня Бэргсэт, нібыта пакрыўджаная еўрапейскім правасуддзем, цалкам раздзяляе пазіцыю змагароў за «русский мир», якія захапілі тэрыторыю Данецкай і Луганскай вобласцяў на ўсходзе Украіны.

У ліпені 2013 г. падчас аднаго з пікетаў Бегрсет звярнулася да украінцаў з просьбай «не ісці ў Еўрасадом», дзе паводле «праваабаронцы» забаронена быць украінскім мужчынам паколькі іх усіх змусяць «геезавацца і педарастызавацца». Гэткія погляды мала чым адрозніваюцца ад пастулатаў Уладзіміра Пуціна, якія ён агучыў падчас сустрэчы Валдайскага клубу у 2013 г.

Брахуха, вар’ятка ці агентка ФСБ?

Можна колькі заўгодна разважаць пра ступень адэкватнасці спадарыні Бэргсэт, але ўся ейная бітва з «фашысцкаю і гомасексуальнаю» Еўропай выклікае толькі агіду і жаданне даць ёй дозу галаперыдолу. Каго можа выгадаваць гэты чалавек? Але не гэта галоўнае. Праблема ў тым, што расейскія ўлады ў пэўным сэнсе яе падтрымліваюць. Не хочацца займацца канспіралогіяй, але Бэргсэт нагадвае крамлёўскі праект узмацнення антыеўрапейскага дыскурсу ў расейскім грамадстве. Збольшага не важна, ці так гэта. Рыторыка расейскай улады і гарадской вар’яткі супадаюць. Можа гэта паказнік адэкватнасці расейскага грамадства, палітычных элітаў гэтай краіны і Уладзіміра Пуціна – галоўнага праектанта расейскай імперыі XXI ст.?

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў