Вікторыя Таболіч
Візіт актывісткі Моладзі Руху «За свабоду» Вікторыі Таболіч у аддзел па грамадзянстве і міграцыі УУС Менскага раёну скончыўся спробай вербавання з боку КДБ.
Падрабязнасці інцыдэнту падае прэс-служба Руху «За свабоду».
Вікторыя кажа, што ў аддзел яе выклікалі некалькі разоў – з нагоды знаёмай, якая ў яе жыла нейкі час і пасля з’ехала.
«Двойчы на сустрэчы прысутнічаў нейкі Сяргей Іванавіч. Першы раз ён прадставіўся супрацоўнікам гэтага аддзелу, а ўчора нечакана назваўся прадстаўніком нейкага аддзелу па супрацьдзеянні тэрарызму», – распавяла Вікторыя Таболіч.
Паводле дзеўчыны, «Сяргей Іванавіч» праяўляў надзвычайную абазнанасць у справах арганізацыі, у тым ліку ва ўнутраных стасунках паміж сябрамі Руху. «Размова» доўжылася больш за гадзіну, пасля чаго ён высунуў прапанову аб супрацы.
«Давайце вы будзеце нашым кансультантам, у вас аналітычны склад розуму«, сказаў. Гэта цяпер так называецца?» – спытала актывістка Руху «За Свабоду».
Невядомы не пакінуў ніякіх кантактаў, паабяцаў патэлефанаваць сам.
Старшыня Руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч адзначае, што ў арганізацыі адбылося істотнае абнаўленне актыву, прыйшло шмат новых людзей, на якіх КДБ і спрабуе ціснуць.
Юрый Губарэвіч раіць актывістам у такой сітуацыі публічна заяўляць пра спробы вербавання і абяцае падтрымку з боку кіраўніцтва рух супраць незаконных дзеянняў спецслужбаў.
«Лепш бы КДБ заняўся арганізацыямі «рускага свету«, якія шырока раскінулі шчупальцы ў Беларусі. Каб «усёмагутная спецслужба«, прачнуўшыся аднойчы, не пабачыла, як на іх будынку на праспекце Незалежнасці лунае расейскі трыкалор», – заўважыў Юрый Губарэвіч.
Глядзіце таксама:
НМ, belsat.eu