«Казлы» і «стукачы» ў беларускай палітыцы. Вялікае інтэрв’ю з Мікалаем Статкевічам


Палітык Мікалай Статкевіч у інтэрв’ю «Белсату» гаворыць пра аб’яднанне апазіцыі, пра здраду і «стукацтва», пра мужнасць беларусаў, будучыя фальсіфікацыі ды намер дамагчыся скасавання сёлетніх выбараў.

Нечаканае вызваленне

«Я не ведаў, што мяне выпускаюць, таму сабраў усе свае «зэкаўскія багацці», усе рэчы. А калі ўжо ехаў аўтобусам і размаўляў па тэлефоне са сваймі роднымі, сказаў, што мяне вызвалілі, а самазванца «нахілілі». Увесь аўтобус заціх. Адчувалася атмасфера страху, вось да чаго давялі грамадства. Праўда, калі выходзіў, некаторыя ўсміхаліся, адзін мужчына нават сказаў, што ганарыцца тым, што бачыў мяне. А на выхадзе раптам такі кантраст: некалькі соцень вольных годных людзей! Гэта быў такі станоўчы шок».

Пра выбары

«Папярэднія выбары фальсіфікаваліся. Але там прынамсі быў відавочна апазіцыйны кандыдат, які быў гатовы адстойваць інтарэсы і агучваць прынцыповую пазіцыю прынамсі тых 30 % выбарнікаў, якія маюць дэмакратычныя перакананні. Цяпер сфабрыкавалі ўжо бюлетэнь. Шляхам розных маніпуляцый зрабілі такім чынам, што ў бюлетэні такога чалавека няма. Каб выпусцілі раней – я мог паўплываць на сітуацыю, звярнуцца да людзей, каб падтрымалі, напрыклад, Анатоля Лябедзьку».

Грошы для Лукашэнкі

«Я не веру ў дэмакратызацыю гэтага рэжыму, бо ён тады разваліцца, калі пачне рабіць штосьці ў гэтым кірунку і яны гэта разумеюць. Яны выпусцілі палітвязняў, каб атрымаць грошы ад Захаду і адначасова з той самай мэтаю напалохаць Расею.
Як мінімум, расейская грашовая дапамога будзе. Мне тэлефанавалі расейскія журналісты і бралі каментар – я зразумеў, што там вельмі напалоханыя, маўляў, Лукашэнка сыходзіць на Захад. Я кажу: супакойцеся, куды ён ад вас падзенецца, калі 20 % ВУП – гэта расейскія датацыі, калі ўвесь расейскі экспарт – гэта нашая неканкурэнтаздольная прадукцыя ў Расею, або нафтапрадукты з вашай таннай нафты на Захад. Больш нічога не засталося, толькі калій, але гэтага мала».

Гэта не свабода – гэта 8 гадоў нагляду

«У Ленінскім РУУСе мне паведамілі, што на мяне будзе накладзены прафілактычны нагляд на 8 гадоў. Гэта дастаткова мяккая форма нагляду, але гэта ўсё ж нагляд, 8 гадоў я не буду мець права балатавацца на выбарах і выпадку трох адміністратыўных спагнанняў за год (а гэта ведаеце як лёгка робіцца), то будзе прэвентыўны нагляд. А гэта – «хатняя хімія». З дому ноччу не выходзіць, падпіска аб нявыездзе, ноччу будуць хадзіць грукаць ботамі, правяраць ці я на месцы ды ціснуць, каб я з’ехаў. Мяне, па сутнасці, выпусцілі ўмоўна і «падвесілі». Лукашэнка мае магчымасць у любы момант вярнуць мяне назад».

Перамога ў кішэні

«Выбары будуць прызнаныя Захадам несумленнымі і недэмакратычнымі. Але Лукашэнка робіць усё магчымае, каб у справаздачы былі словы «ёсць значны прагрэс ». А гэта значыць, што трэба заахвоціць: зняць санкцыі, кантактаваць, весці справы. А прагрэс будзе ў тым, што магчыма нават будуць лічыць бюлетэні. А калі ў бюлетэні няма сапраўднага апазіцыйнага кандыдата, калі людзі праз гэта не пойдуць на выбары, калі ёсць 30 % галасоў з папярэдняга галасавання, калі зменшылі на тысячу колькасць выбарчых участкаў, асабліва на вёсках (гэта значыць, што ўрны паедуць па хатах і калі нават не даедуць – гэта будзе адзінадушнае галасаванне), то чаму б не паказаць міжнародным назіральнікам, як лічаць бюлетэні, калі перамога ў кішэні?»

Я буду патрабаваць скасавання гэтых выбараў

«Хадзіць на такія выбары ня мае сэнсу. Трэба патрабаваць нармальныя выбары, паўторныя, з рэгістрацыяй кандыдатаў. Мяне пазбавілі правоў, маю ініцыятыўную групу незаконна не зарэгістравалі. Людзі папярэджвалі: а што калі выпусцяць Статкевіча? Вось мяне выпусцілі. Яны мелі права збіраць подпісы. Я лічу, што парушаныя мае правы і таму я буду патрабаваць скасавання гэтых выбараў і вяртання да пачатку выбарчага працэсу. Я буду пра гэта казаць гучна і публічна, спадзяюся, да мяне далучацца іншыя выбарнікі».

«Казлы» і «стукачы»

«Я не ведаю асабіста Таццяну Караткевіч, але ведаю, што за ёй стаіць іншы палітык. Я ведаю, што гэты палітык здрадзіў у крытычнай сітуацыі, здрадзіў дэмакратыі, сваёй камандзе пры тым публічна. Майго досведу хапае, каб разумець: гэта ганьба найвышэйшая. А перад ёй яшчэ маленькая ганьба ёсць. Гэта – згадзіцца падпісаць адну паперу. Гэта ў турме ёсць так званы «актыў», іх называюць там «казлы», а сярод звычайных зэкаў – «стукачы». Любы «казёл» – гэта «стукач», але большасць «стукачоў» адмаўляецца рабіцца «казламі» – каб публічна не ганьбіць сябе. А калі пайшоў хтосьці ў «казлы», значыць, і «стукач». Тут нешта падобнае. Мне падаецца, што недасведчанага чалавека проста выкарыстоўваюць. Як я магу падтрымаць кандыдата, калі ён несамастойны?»

Дзякуй за Плошчу

«Я хачу падзякаваць усім, хто падтрымаў мяне ў суботу, усіх, хто падтрымліваў усе гэтыя гады. А галоўнае, хачу падзякаваць усім тым людзям, хто 19 снежня 2010 году выйшлі, каб паказаць, што яны – людзі, яны маюць гонар і годнасць, што яны – беларусы. Гэта ўчынак з вялікай літары. І прашу прабачэння ва ўсіх, каго не здолеў зберагчы адзбіцця, зняволення».

Гутарыла Ганна Аземша, belsat.eu

Ад рэдакцыі: палітык таксама падзякаваў тэлеканалу «Белсат» за працу і салідарнасць. Гэтыя словы – гонар для нашай каманды.

Чытайце таксама: Агнешка Рамашэўская-Гузы: Беларусі патрэбныя рэальныя лідары, а не ўмелыя палітыкі

Глядзі таксама
Каментары