Казакі-сепаратысты актывізаваліся ў Беларусі

video

Фота – armavir.ru

Казакі прыбылі ў Горадню, спыніліся каля Свята-Пакроўскага сабору і адразу адзначылі сваю прысутнасць. Чалавек, які назваў сябе афіцэрам, калі даведаўся, што стаіць побач з каталіком, назваў таго «жыдамасонам, якому не месца каля праваслаўнага храму».

«Я краем вуха пачуў, павярнуўся ды выказаў сваю думку, што так не прыгожа размаўляць з людзьмі і так сябе паводзіць», – кажа айцец Павел Каспяровіч, праваслаўны святар.

Гэта была частка аўтапрабегу, прысвечанага перамозе ў Другой сусветнай вайне. Імпрэза праходзіла з дабраслаўлення самога Мітрапаліта Менскага і Заслаўскага, Патрыяршага экзарха ўсёй Беларусі Паўла. Казакі зʼехалі – пытанні засталіся.

«Калі паглядзець увогуле на працу з казацтвам у нашым патрыярхаце, то варта нагадаць, што існуе цэлы аддзел. У Расеі, на Украіне казацтва гэта моц, гэта цэлая праслойка, сацыяльны статус», – зазначае Павел Каспяровіч.

У Беларусі афіцыйна казацтва не мае значанага ўплыву на жыццё краіны. Агулам зарэгістраваныя тры рэспубліканскія арганізацыі казакоў: Усебеларускае абʼяднанае казацтва, Усебеларускае адзінае казацтва і Беларускае казацтва. Вядомыя таксама рэгіянальныя арганізацыі, між іншага ў Менску, Горадні і Бабруйску. Частка з іх не мае рэгістрацыі. Адметна, што статыстыка пра колькасць казакоў у нашай краіне застаецца закрытай. Вядома, што пераважная большасць казацтва ўспрымае Беларусь і Украіну як частку Расейскай імперыі. Тое, што асабліва насцярожвае, – гэта актывізацыя ў стварэнні гэтак званых вайскова-патрыятычных клубаў для моладзі.

Як сцвярджаюць эксперты, такіх моладзевых арганізацыяў у Беларусі налічваецца ўжо больш за два дзясяткі. Большасць з іх дзее пры праваслаўных прыходах.

«Варта адзначыць, што гэтыя клубы арганізоўваюць і на базе сярэдніх школаў. Гэтым можна патлумачыць, адкуль у іх увесь час зʼяўляюцца ўсё новыя адэпты», – звяртае ўвагу Дзяніс Івашын, валанцёрская ініцыятыва «Inform Napalm».

А некаторыя абʼяднанні дзеюць у межах ініцыятываў, якія маюць дапамагаць моладзі. Да прыкладу, дабрачынная арганізацыя «Горад без наркотыкаў» афіцыйна займаецца прапагандаю здаровага ладу жыцця. Аднак вядома, што ў яе межах існуе іншая структура, менш дабрачынная, вайскова-патрыятычны цэнтр «Казачы Спас».

Кіраўніцтва абʼяднання адкрыта прызнавалася ў кантактах з сепаратыстамі падчас вайны на Данбасе. Таксама вядома, што беларускія дзеці з дапамогаю казацкіх арганізацыяў ездзяць на адмысловыя летнікі ў Расею.

«Гэтыя клюбы маюць за задачу выхаванне ў лоне Праваслаўнай царквы людзей, якія свае погляды накіроўваюць да Расеі, Да Крамля. Гэта робіць іх расейскацэнтрычнымі людзьмі. Яны з большага лічаць Беларусь неадʼемнай часткаю рускага свету», – упэўнены Дзяніс Івашын.

І не цяжка здагадацца, якія могуць быць наступствы пакуль што дзіцячых гульняў у вайну. Варта прыгадаць пачатак вайны ва Украіне, расейскую анексію Крыму і ўдзел у захопе казацкіх атрадаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары