Кананізацыя Францішка Скарыны. Царква чакае доказаў веры першадрукара


Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек пракаментаваў рэакцыю грэка-каталіцкай Царквы адносна пытання аб кананізацыі Францішка Скарыны, падае сайт catholic.by.

Як адзначыў апостальскі візітатар у інтэрвю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, у складзе грамадскага камітэту, які звярнуўся да ГКЦ з прапановай кананізаваць першадрукара, працуе шмат гісторыкаў. «Яны ведаюць пра нашу духоўную сімпатыю да асобы Францішка Скарыны і ўсведамленне каштоўнасці гэтай асобы для ўсёй Беларусі. Таму камітэт і заявіў пра свае спадзяванні адносна падтрымання з боку грэка-каталіцкай Царквы», – сказаў архімандрыт.

Апостальскі візітатар дадаў, што біяграфія Фрацішка Скарыны вывучана не да канца і ў ёй шмат невядомых момантаў. «Калі паўстаў гэты грамадскі камітэт, у нас з’явілася спадзяванне на іх вельмі салідную працу па даследаванні біяграфіі першадрукара», – патлумачыў архімандрыт Сяргей Гаек.

Паводле слоў архімандрыта, ГКЦ чакае пацвярджэння тых фактаў у біяграфіі Францішка Скарыны, якія сведчылі б пра глыбокую веру першадрукара: «Гэта самае важнае ў дадзеным кантэксце. Пытанне кананізацыі – зусім іншая гісторыя. Тут грамадскі камітэт не мае кампетэнцыі. Бо гэта справа Царквы і кананічнага працэсу, прычым вельмі складанага».
Архімандрыт падкрэсліў, што сёння зарана рабіць нейкія вынікі пра жыццё і справы Францішка Скарыны.

«Сёння зарана казаць аб тым, наколькі жыццё і справы Скарыны наагул дазваляюць распачаць яго кананічны працэс. Таму зараз мы знаходзімся на этапе асэнсавання яго біяграфіі, і тут ёсць пэўныя пытанні, на якія мы пакуль не ведаем, як адказаць», – заключыў апостальскі візітатар.

МЯ, паводле catholic.by, be.radiovaticana.va

Глядзі таксама
Каментары