Канада выкрэслівае Беларусь з «чорнага спісу»


У ім застанецца толькі адна краіна – КНДР.

Урад Канады вырашыў адмяніць уведзеныя больш за 10 гадоў таму санкцыі супраць Беларусі.

14 снежня 2006 года ў выніку рэпрэсіяў супраць грамадства пасля трэціх прэзідэнцкіх выбараў нашую краіну ўключылі ў Area Control List – спіс краінаў, імпарт і экспарт з якіх патрабуе адмысловых дазволаў канадскіх уладаў. У гэтым спісе толькі дзве краіны: Беларусь і Паўночная Карэя.

Канадскае міністэрства замежных справаў заяўляе, што краіну выключаюць з гэтага спісу, бо «Злучаныя Штаты і Еўразвяз зрабілі тое ж самае».

«Перагляд падыходу да Беларусі адлюстроўвае прызнанне Канадаю таго, што ўрад Беларусі дамогся прагрэсу ў такіх ключавых пытаннях, як вызваленне палітвязняў і правядзенне мірных прэзідэнцкія выбараў у кастрычніку 2015 года», – гаворыцца ў заяве.

Паводле МЗС Канады, яны «прызнаюць канструктыўную ролю, якую адыгрывае Менск у перамовах аб спыненні агню і міры ва Украіне».

Прэс-сакратар МЗС Джон Бэбкок (John Babcock) дадаў, што ў межах кампаніі па аднаўленні дачыненняў, Канада нядаўна адправіла ў Беларусь свайго амбасадара.

CBC News піша, што рашэнне канадскага кабміну будзе азначаць «менш абмежаванняў у гандлі і больш магчымасцяў у вядзенні бізнесу для абодвух бакоў».

Выданне адзначае, што што санкцыі адмяняюць «нягледзячы на жалосныя справаздачы аб стане правоў чалавека» у нашай краіне.

Летась Беларусь імпартавала з Канады тавараў на $ 19,5 млн і экспартавала туды на $ 53,7 млн.

Рашэнне аб зняцці санкцыяў набудзе моц 12 ліпеня.

ДД

Глядзі таксама
Каментары