Каму патрэбны музей на радзіме Ажэшкі? Нікому


Мількаўшчына ўжо даўно ўваходзіць у турысцкі маршрут «Дарогай Элізы Ажэшкі і Адама Міцкевіча». Аднак, што сёння можа ўбачыць турыст на радзіме заслужанай пісьменніцы?

Выязджаючы з Горадні на менскую трасу праз паўгадзіны можна заўважыць указальнік з надпісам «Мількаўшчына. Радзіма Элізы Ажэшкі. 2 км». У гэтай мясціне 6 чэрвеня 1841 года на свет прыйшла вядомая пісьменніца эпохі «пазітывізму», «каралева жывога слова» – Эліза Ажэшка.

Парэшткі родавага гнязда

Досыць часта наведнікі радзімы пісьменніцы пішуць, што яе дом знаходзіцца ў занядбаным стане. Справа ў тым, што няшчасную драўляную халупіну з забітымі вокнамі блытаюць з сапраўднай шляхецкай сядзібай на 14 пакояў, якая знаходзілася пару крокаў далей. Дом Элізы Ажэшкі існаваў яшчэ некаторы час пасля вайны. Тут тулілася 8 сем’яў уцекачоў з Расеі і Украіны. Пасля некаторы час жылі мясцовыя. У выніку будынак трактарамі расцягнулі па кавалках. Камяні і цэгла з яго падмуркаў дагэтуль валяюцца на калгасным полі, а ад заможнага маёнтку засталася толькі студня і алея двухсотгадовых клёнаў, якую ў народзе клічуць «Алея Элізы».

Драўляны дом каля шляхецкай сядзібы пабудавалі ў 50-х гадах. Да 2006-га года тут жылі людзі, пакуль зямлю не выкупіў прадпрымальнік са Скідзелю, якому гарадзенскі райвыканкам дазволіў весці тут турыстычную дзейнасць. Бізнесовец адчайна спадзяваўся на польскія датацыі, аднак ніякіх грошай з Польшчы не прыплыло і драўляны корпус дому застаўся дагніваць сваё.

Адзіным напамінам пра родавае гняздо Элізы Ажэшкі застаўся валун з разбуранага фундамента, на якім замантавалі памятную табліцу. Гэты камень рабілі ўласнымі сіламі, – распавядае былая настаўніца гісторыі, зараз дырэктарка музею Мількаўшчыны Таццяна Савянкова.

«Мы прасілі калгас пазбіраць камяні з поля, слупок які зрабіць. Але як валяліся яны, так і валяюцца. Вось адзін валун знайшлі, то паставілі памятны знак. Кветкі пасадзілі. З іншых камянёў курганок зрабілі. Крыж паставілі. Тут жа раней такія паркі былі прыгожыя, альтанкі, кветнікі. Пасля тут зааралі поле. І калі мы камень паставілі, нам тэлефанавалі, каб прыбраць, бо нібыта мы дакументаў не падавалі, дазволу не атрымлівалі. А мы ж гэтага не ведалі. Я кажу, што нічога прыбіраць не будзем. Мы нічога незаконнага не зрабілі. Мясцовыя жыхары паставілі камень, каб памяць захаваць. Потым той валун з табліцай прадпрымальнік перанёс бліжэй алеі, дык ён амаль раскалоўся».

«Абеліск» замест шляхецкай магілы

Недалёка ад таго месца, дзе стаяў дом Ажэшкі, знаходзіцца родавае пахаванне Паўлоўскіх, магіла бацькі Бенедыкта разам з першай жонкай. У 2005-годзе мясцовымі ўладамі было прынята рашэнне «упарадкаваць» магілу, у выніку чаго было спілавана некалькі вялізных старых дрэваў.

«Пачалі ўсё выпілоўваць. Столькі дроў прадалі пад гэту марку. Прыпыніла. Не паслухалі. Засталося толькі замураваць, цэментам заліць і будзе абеліск гадоў вайны. А то пішуць – адзінае з нямногіх шляхецкіх пахаванняў, якое засталося з тых часоў, а яны гэта ўсё на сучасны лад», – распавядае Таццяна.

Як зачынялі адзіную ў Беларусі школу імя Элізы Ажэшкі

Сучасная Мількаўшчына – выглядае не інакш, як тыповая беларуская вёска. Каля царквы ў савецкія часы пабудавалі кароўнікі. На амаль 200 жыхароў зараз ёсць невялікая сельская крама і фельдшарска-акушэрскі пункт. Клуб, аддзяленне банку і бібліятэку зачынілі. Кнігі з бібліятэкі ўдалося выратаваць, дзякуючы Таццяне Савянковай, якая не дала іх вывезці і захоўвае цяпер у музеі, сапраўдным «цэнтры жыцця» мясцовых дзетак і моладзі.

Літаратурна-краязнаўчы музей быў створаны ў будынку былой школы, якую зачынілі 4 гады таму – як і ва ўсіх вёсках, зменшылася колькасць вучняў. Раней школа лічыла 36 вучняў, якія зараз, засынаючы ў школьных аўтобусах, кожны ранак грызці навуку ездзяць у Каменку або Скідзель.

Школа заўсёды была беларускай. Беларускую мову настаўнікі адстаялі нават тады, калі планавалася перайсці на навучанне па-расейску. У 2006-м годзе з ініцыятывы былога дырэктара Уладзіміра Трахімчыка, школе надалі імя Элізы Ажэшкі. Аднак гэтае імя школа насіла толькі 7 гадоў, а шыльда з іменем і прозвішчам пісьменніцы сталася музейным экспанатам.

На ўваходзе ў музей дагэтуль засталіся бюст і словы пісьменніцы, якія былі дэвізам і нават часткай школьнага гімну. «Май сэрца як мага чысцейшае і аддавай паслугі, як мага большыя зямлі і людзям… Э. Ажэшка». Гэтымі словамі мы жылі і зараз жывем, – кажа Таццяна.

«Тутэйшая» каралева жывога слова

Сярод мясцовых жыве легенда, што, калі нарадзілася маленькая Эліза, неверагодна спяваў салавейка. Можна доўга спрачацца, ці з’яўляецца Эліза Ажэшка польскай ці беларускай польскамоўнай пісьменніцай. Пераклады яе твораў дзеці вывучалі раней у праграме беларускай літаратуры, але і ў арыгінальнай версіі яе апавяданні насычаны беларускімі песнямі, гаворкамі, прыказкамі і сялянскімі традыцыямі.

Эліза Ажэшка сваіх 11 першых гадоў жыла ў Мількаўшчыне і хоць у хаце чула толькі польскую і французскую мовы, па-за домам яна сябравала і гуляла з сялянскімі дзецьмі. Прыбягала да садоўніка Франака, які расказваў ёй казкі па-беларуску. Краявіды Мількаўшчыны яе натхнялі і выхоўвалі любоў да радзімы. Тут яна ўсмоктвала народнасць. Менавіта тут пасля свайго вяртання, пісьменніца напісала свой першы літаратурны надрукаваны твор «З гадоў голаду», а пасля яшчэ восем іншых. З вялікім цяжарам на сэрцы яна вымушана была прадаць маёнтак, калі пераязджала ў Горадню, пасля чаго шчыра шкадавала і казала: «Нельга прадаваць бацькоўскі дом».

«Амаль» музей Элізы Ажэшкі

Афіцыйна літаратурна-краязнаўчы музей Мількаўшчыны імя ў гонар Элізы Ажэшкі не атрымаў, аднак у кожным пакойчыку адчуваецца прысутнасць пісьменніцы.

Самы каштоўны экспанат – копіі архіўных матэрыялаў з 1844 года, калі пасля смерці бацькі маёмасць перайшла ў спадчыну Элізе і яе сястры Клеменціне. У дакументах указана, што Ажэшцы належала больш за 2 тысячы гектараў зямлі і 500 душ прыгонных сялянаў. На жаль, аніводнага арыгінальнага экспаната, звязанага з пісьменніцай, музей не мае. Асобны пакой прысвечаны зёлкам, якія збірала і апісвала Эліза Ажэшка.

«Шкада вельмі, што няма экспанатаў-арыгіналаў. У Горадні ў археалагічным музеі трохі ёсць. Мне нават сказалі, што ў запасніках, у фондах ляжаць расшытыя альбомы гербарыяў Элізы Ажэшкі. Я была там. Кажу, я прыеду з рамкамі і адразу іх пад шкло. Ну хаця б адзін гербарый Элізы Ажэшкі дайце. Хоць на часовае карыстанне, хоць на свята, калі да нас госці прыязджаюць. Аніяк пакуль не падзеляцца», – скардзіцца кіраўніца музею.

Таццяна Савянкова вядзе гурткі «Юныя даследчыкі» і «Эрудыт», у якіх разам з дзеткамі займаецца даследаваннем Мількаўшчыны. Дзеці чытаюць беларускія і польскія публікацыі ды на іх аснове пішуць навуковыя працы. Сярод іх: «Народная спадчына ў творчасці Элізы Ажэшкі», «Грамадская дзейнасць Элізы Ажэшкі», «Вёска Мількаўшчына як малая радзіма Элізы Ажэшкі» і цяпер рыхтуюць яшчэ адно параўнаўчае даследаванне, прысвечанае лекавым зёлкам Элізы Ажэшкі, якія растуць на Мількаўшчыне. Таццяна  з гонарам паказвае дыпломы дзетак, іх малюнкі на творы пісьменніцы і кнігу Любові Русілкі «Зямлі людзям». Любоў Русілка жыла ў панскім доме Ажэшкі. Магчыма гэта і натхніла мількаўшчыцкую паэтэсу напісаць біяграфію Ажэшкі ў вершаванай форме. Сваю кнігу Любоў Русілка пісала цягам 10-ці год. Яе доўга не маглі выдаць, аднак адно ахвотнае выдавецтва ў Горадні ўсё ж такі знайшлося. Любоў Мікалаеўна мае 76 гадоў, моцна хварэе, але ганарыцца, што яшчэ пры жыцці змагла патрымаць сваю кнігу.

…Або музей беларускай сельскай школы?

Хоць рэчаў часоў Элізы Ажэшкі музей не мае, затое можа пахваліцца старажытнымі прыладамі сялянскага побыту і разнастайнымі школьнымі рэчамі, кнігамі і цацкамі савецкага часу. Незаўважна кожны былы класны пакой акунае ў дзяцінства. Тут можна прысесці за старую школьную парту, падлічыць нешта на дапатопным калькулятары памерам з друкаваную машынку, напісаць атрамантам сваё імя ў сшытку з прамакаткай, разгарнуць падручнік па беларускай мове за 1965-ты год або першы падручнік па гісторыі Беларусі.

Былая настаўніца гісторыі сабрала ў вёсцы ўсё, што з’яўляецца сведчаннем мінуўшчыны. І рэчы, якія яшчэ нядаўна нікога б не здзівілі, у эру інтэрнэта становяцца сапраўдным рарытэтам.

Музей служыць таксама месцам дыскатэкі для моладзі і раз на месяц месцам малітвы для мясцовых каталікоў. Культарганізатары музею самі яго даглядаюць, прыбіраюць, мыюць, улетку абкошваюць. Шукаюць дапамогі, каб паставіць самыя асноўныя ўказальнікі памятных месцаў Ажэшкі. Мінулыя рабіла Таццяна ўласнаручна:

«Якое фінансаванне? Ніякай дапамогі. Што ты ўкладзеш, або калі хто прыедзе і нешта ахвяруе – уся дапамога. Для мяне галоўнае, што Мількаўшчына жыве, што людзі сюды едуць і нашая справа не прапала. Тады і душа радуецца».

Гэтым летам мінула 175 гадоў з дня народзінаў Элізы Ажэшкі. Дык няўжо ў нашай краіне з двума саюзамі палякаў, або ў суседняй краіне, якая цвёрда лічыць пісьменніцу сваім літаратурным скарбам, не знойдзецца рубель, каб урэшце прывесці ў парадак радзіму Элізы Ажэшкі і годна ўшанаваць яе памяць?

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў