Камандзір «Дняпра»: у нас ваююць больш за 10 беларусаў, і ваююць добра


У інтэрвю «Белсату» камандзір батальёну «Днепр» Юрый Бяроза, які стаў дэпутатам Вярхоўнай Рады, распавядае пра тое, якія змены чакаюць украінскі парламент ды згадвае пра беларусаў, што ваююць на Данбасе.

– Насамрэч, Вярхоўная Рада ўсе яшчэ ніяк не запусціцца, не пачне працаваць у поўным аб’ёме. І на жаль, пакуль што яна працуе па старых правілах. Я спадзяюся, што мы зробім усё, каб гэтая Вярхоўная Рада працавала па новых правілах. Гэта вельмі важна. Таму што людзі, якія дэлегавалі нас сюды, чакаюць ад нас, што парламент будзе працаваць якасна і на карысць украінскай дзяржавы, у першую чаргу. Таму што ў нас на ўсходзе ідзе вайна. Жорсткая і бязлітасная. Расея з’яўляецца агрэсарам. І гэта асноўны момант, які не дазваляе нам пакуль спыняць працу гэтага парламенту, але калі цяпер, у бліжэйшы час мы не пачнем вырабляць новыя правілы гульні, мабыць, і гэтая Вярхоўная Рада доўга не праіснуе.

– А ці праўда, што зараз камандзіры батальёнаў плануюць аб’яднацца ў дэпутацкую групу пад назвай «Укроп»?

– Наагул мы плануем стварыць міжфракцыйную групу, якая будзе аб’ядноўваць не толькі камандзіраў батальёнаў, а практычна ўсіх удзельнікаў Антытэрарыстычнай аперацыі, да яе ўвойдуць усе, хто прайшоў вайну на ўсходзе, усе, хто прайшоў Майдан, усе тыя, каго аб’ядноўвае баявы вопыт і выразнае адчуванне, у першую чаргу, таго, што насамрэч адбываецца на ўсходзе Украіны.

– А якая цяпер сітуацыя на ўсходзе? Ці падтрымліваеце вы сувязь са сваймі паплечнікамі?

– Полк «Днепр» ваюе на ўсходзе з красавіка. Цяпер два падраздзялення, дзве асобныя роты батальёну знаходзяцца на перадавой – у Данецкам аэрапорце, у Пісках, на лініі Піскі-Марыўпаль. «Дняпроўцы» знаходзяцца практычна на ўсіх блокпастах. Я не проста падтрымліваю сувязь. Я кожны вечар і кожную раніцу атрымліваю цалкам усю інфармацыю пра тое, што адбываецца. Там вельмі складана. Там пасля ўвядзення Расеяй новага гэтак званага гуманітарнага канвою – зноў актывізаваліся абстрэлы. Яны наагул сталі невыноснымі. Усё, што датычыць і пасёлка Піскі, і аэрапорту.

– Спадар Юрый, у вашым батальёне служаць беларусы і як вы ставіцеся да ініцыятывы ўкраінскага прэзідэнта пра наданне грамадзянства Украіны тым іншаземцам, якія зараз абараняюць Украіну на ўсходзе?

– У складзе палка «Днепр» ваюе больш за 10 беларусаў. Яны ваююць вельмі добра. І я таксама добра стаўлюся да ініцыятывы прэзідэнта. Наагул гэта патрэбна было ўзаконіць даўно, і спадар прэзідэнт павінен быў зрабіць гэта ў першую чаргу. Ён губляе ініцыятыву, і шкада, што ён не зрабіў гэтага адразу пасля свайго абрання на пасаду прэзідэнта. Таму што першым, хто загінуў за Майдан, за Украіну – гэта быў беларус. Беларусы, якія ваююць у нашым батальёне, таксама добра ўспрынялі гэтую ініцыятыву. А як яны яшчэ могуць на гэта рэагаваць? Яны ваююць за гэтую дзяржаву, і яны маюць права на грамадзянства гэтай дзяржавы.

Алена Літвінава, belsat.eu

Стужка навінаў