Каля Віцебску ахвяраў рэпрэсіяў выдаюць за ахвяраў вайны

video

Пад Віцебскам на станцыі Лосвіда перапахавалі ахвяраў сталінскага рэжыму. Паводле дзяржаўных звестак, знойдзеныя ў вёсцы Хайсы парэшткі належаць людзям, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Улады фальсіфікуюць смерць

Аднак гісторыкі ды мясцовыя актывісты лічаць, што гэта чарговая спроба ўладаў знішчыць сляды злачынстваў сталінскага рэжыму.

«Дазволу няма прызнаваць, што сталінскія рэпрэсіі былі, але ж вось парэшткі гэтыя знойдзены і што з імі рабіць – гэта ўжо вырашае мясцовая ўлада. Яны вырашылі вось такім шляхам фальсіфікацыі пахаваць іх, як ахвяраў другой сусветнай вайны», – зазначыў Кастусь Смолікаў, партыя БНФ.

Мясцовыя памятаюць пра рэпрэсіі

Парэшткі імаверных ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў былі знойдзеныя ў вёсцы Хайсы яшчэ два гады таму. У большасці знойдзеных чэрапаў – адтуліны ў патыліцы. Менавіта гэтак забівалі працаўнікі НКУС у 30-я. Пацвярджаюць версію пра ахвяраў сталінізму і мясцовыя старажылы.

«Тата мне распавядаў, што там расстрэльвалі людзей»,

«Кажуць, што вазілі і расстрэльвалі ў лес гэты»,

«Тут людзей расстрэльвалі і хуценька закапаюць і чым-небудзь засеюць. І каб ня крыкнулі. А страляюць так ціхенька толькі пук-пук»,

– распавялі тутэйшыя жыхары.

Аднак для ўладаў гэта не аргумент. Маўляў, людзі, якім у той час было пяць – шэсць гадоў, сведкамі тых падзеяў быць не могуць.

Улады не каментуюць, але запрашаюць у госці

Але чаму гісторыя знойдзеных парэшткаў не расследаваная належным чынам? Пра гэта мы запыталіся ў намесніцы старшыні ў сацыяльных пытаннях Карабач Ксеніі Мікалаеўны. Чыноўніца асабіста прысутнічала на цырымоніі перапахавання. Спадарыня Карабач па тэлефоне даваць якую-небудзь інфармацыю адмовілася, але запрасіла журналістаў асабіста прыехаць у Мазолаўскі сельсавет.

Раней сябры Партыі БНФ звярталіся ў абласную пракуратуру і следчы камітэт Віцебску з просьбай правесці праверку паводле факту выяўленага імі масавага пахавання людзей са слядамі гвалтоўнай смерці. Звярталіся і ў Віцебскі райвыканкам.

«Мы пісалі ад імя партыі БНФ у Віцебскі аблвыканкам просьбу, уключыць прадстаўніка нашай партыі ў камісію раённую па ахвярам вайны, яны нам сказалі, што гэта не мэтазгодна, ні чым не патлумачыўшы. Нібыта мы нейкім чынам будзем замінаць там іх працу», – патлумачыў Кастусь Смолікаў.

Рэгіянальная газета хлусіць?

Не абышлося і без прапаганды з боку рэгіянальных медыяў. Гэтак, у газеце «Жыццё Прыдзвіння» перапахаванне парэшткаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў таксама прэзентавалі як ваеннае пахаванне мірных жыхароў, якія загінулі ў гады вайны. У адказ на гэта актывісты БНФ маюць намер пісаць у рэдакцыю з патрабаваннем падаць доказы гэткай заявы і далей дамагацца расследавання расстраляных у Хайсах.

«Кацярына Ерусалімская», «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары