Каложская царква атрымала новую драўляную сцяну: глядзіце, як было і як стала


Скончыліся будаўнічыя працы над драўлянай сцяной Барысаглебскай царквы ў Горадні.

Працу над аднаўленнем драўлянай сцяны, якая знаходзілася ў аварыйным стане, ад кастрычніка 2017 года вёў ААТ «Горадняжылбуд». Каб паспець завершыць рэстаўрацыйныя працы да Раства, будаўнікам прыйшлося працаваць з самага ранку да позняга вечара. Як і абяцалі, новая сцяна Каложскай царквы была зробленая з самага лепшага матэрыялу, які ёсць у Беларусі – тэрмамадыфікаванай хвоі, устойлівай перад уздзеяннем вільгаці, ультрафіялету, а таксама рэзкімі перападамі тэмпературы.

Адноўленая частка Каложскай царквы ў Горадні

 

Каложская царква да рамонту

Акрамя таго будаўнікі выраўнялі сцяну і паднялі яе крыху вышэй. Мяркуецца, што новая сцяна павінна адслужыць як мінімум яшчэ 100, а можа і 200 гадоў.

Каложская царква

Протаіерэй Барысаглебскай царквы ў Горадні, айцец Аляксандр Балоннікаў застаўся задаволеным рамонтам.

«Вы самыя бачыце, якой якасці гэтая праца – вельмі высокай. Што да драўлянай сцяны, дзвярэй, вокнаў – усё адрамантавана. Дзверы і вокны дубовыя. Дзверы, да прыкладу, зробленыя на такой вышыні, як у ХІІ ст., не так як дагэтуль, калі іх прыкрывала вонкавая сцяна. Вокны дагэтуль былі вельмі прымітыўныя і недасканалыя. З іх вельмі веяла. А цяпер гэтыя вокны з сапраўднага дубу, вельмі добра пасуюць да агульнага выгляду царквы. Зараз мы можам упэўнена сцвярджаць, што аварыйная сітуацыя цалкам ліквідаваная. Але што самае галоўнае і пра што мы павінны памятаць, гэта што рамонт не закрывае перспектыву рэстаўрацыі», – кажа айцец Аляксандр.

На перадзе – другі этап рамонту Каложы

Завершаны толькі першы этап капітальнага рамонту царквы. На чарзе стаяць балкон, на якім будзе спяваць хор, а таксама аднаўленне падлогі.

Працы над новай сцяною

«Спыняцца не прыходзіцца, бо кожнага разу, калі нешта рамантуеш, адразу становяцца бачнымі новыя праблемы, якія трэба вырашаць. У першую чаргу, адрамантаваць балкон для хору і падлогу. Раней яна шмат рамантавалася, але толькі месцамі і таму атрымалася, што падлога зроблена гэткімі «латкамі». Трэба давесці царкву да дасканалага стану», – тлумачыць айцец Аляксандр.

Адрамантаваная сцяна Каложскай царквы

 

Каложская царква ў Горадні да рамонту

Праект рамонту драўлянай сцяны Каложы абмяркоўваўся яшчэ з 2015-га года. Не зважаючы на аварыйны стан бажніцы, з рамонтам не спяшаліся. Толькі пасля глыбокага і дэталёвага даследавання і двух вялікіх канферэнцый з удзелам міжнародных экспертаў быў зацверджаны канчатковы праект аднаўлення драўлянай сцяны Каложы. На рамонт царквы з прэзідэнцкага фонду выдаткавалі 200 тысяч беларускіх рублёў.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота Васіль Малчанаў

Стужка навінаў