Калі «лясныя браты» – партызаны, што будзе заўтра? Фільм НАТО ўзрушыў Маскву


«Нашая гісторыя сыходзіць ад «лясных братоў», гаворыцца ў міністужцы, на якую нервова адрэагавалі ў МЗС Расеі.

На днях афіцыйны акаўнт Паўночнаатлантычнага альянсу ў «Тўітэры» апублікаваў мініфільм пра пасляваенных антысавецкіх партызан у краінах Балтыі – «лясных братоў».

«Пасля Другой сусветнай вайны партызаны з балтыйскіх краін пайшлі ў лясы, каб весці самую крывавую партызанскую вайны супраць акупацыйных савецкіх сілаў», – гаворыцца ў апісанні відэа.

У 8-хвіліннай стужцы распавядаецца, што Чырвоная армія вызваліла Літву, Латвію і Эстонію ад нацыстаў, аднак потым сама стала акупантам, не дазволіўшы адрадзіць незалежнасць гэтых краін. Ролік не хавае, што раней многія жыхары Балтыі перад гэтым ваявалі на баку нацысцкай Нямеччыны супраць СССР, аднак адзначае, што мэтай пасляваенных партызан быў супраціў савецкаму тэрору і аднаўленне дзяржаўнасці.

Расейская істэрыка

Хоць Расея ніяк не згадваецца ў відэа пра «лясных братоў», 14 ліпеня на ролік афіцыйна адрэагавала расейскае Міністэрства замежных справаў. Прэс-сакратар МЗС РФ Марыя Захарава падчас брыфінгу назвала ролік «мастацкай прапагандай» і «спробай пераглядзець гістарычныя рэаліі, якія звязаны з падзеямі Другой сусветнай вайны». Яна заявіла, што сваім змаганнем супраць Чырвонай арміі, «лясныя браты» заміналі вызваляць Еўропу ад нацыстаў.

«Гэта гістарычнае вычварэнне, якое свядома распаўсюджваецца НАТО з мэтай падрыву вынікаў Нюрнберга, трэба спыніць! Калі сёння Бандэра – герой, а «лясныя браты» – партызаны, якія ратавалі Балтыку, то што будзе заўтра?» – дадала Захарава на ўласным «Фэйсбуку».

За балтыйскімі партызанамі, па яе словах, стаялі заходнія спецслужбы. Прыкладна такім жа чынам выказаліся іншыя расейскія функцыянеры і прапагандысты, а таксама міністр культуры Расеі Уладзімер Медынскі ў сваім «Тўітэры».

Раней ён стаў вядомы тым, што ягоную доктарскую дысертацыю па гісторыі расейскія навукоўцы прызналі антынавуковай. Медынскі назваў прафесійных расейскіх гісторыкаў, якія ставяць пад сумнеў нават аб’ектыўна цалкам выдуманыя савецкія міфы часоў вайны, «мразямі скончанымі».

Рэчаіснасць

На самой справе ролік НАТО ані не праслаўляе войскі СС, ані падрывае вынікі Нюрнбергскага трыбуналу. Ён цытуе ўспаміны ўдзельнікаў антысавецкага супраціву – такога ж, які ў Польшчы і Заходняй Беларусі быў прадстаўлены Арміяй Краёвай, структурай выразна антынацысцкай.

Латышскі партызан распавядае пра бой сваёй групы з колькасна пераважаючым атрадам савецкіх войск. Аповед ілюстраваны сучаснай рэканструкцыяй бою. Эстонка, якая ў тыя часы была 13-гадовым падлеткам, кажа, як уся вёска дапамагала антысавецкім партызанам ежай і вопраткай, і не выдавала іх. Аднак завяршае відэа прамова сучаснага літоўскага вайскоўца з атраду спецыяльнага прызначэння – відавочнае сведчанне таго, што аўтары пасылаюць фільмам пра мінулае пасланне ў сучаснасць.

Інфармаванне, абяцанне і папярэджанне

Ролік апублікаваны на фоне працяглага абвастрэння ў адносінах Масквы і НАТО, якое было справакаванае анексіяй украінскага Крыму і гібрыднай агрэсіяй супраць Украіны на Данбасе. Краіны Захаду адзначаюць, што Расея спрабуе дэстабілізаваць Усходнюю Еўропу, зноў паставіць яе пад свой кантроль, і пагражае краінам Балтыі маштабнымі вайсковымі вучэннямі. У адказ НАТО падвышае ўласны баявы патэнцыял на сваім усходнім флангу.

У гэтым кантэксце НАТО ролікам зрабіла адразу тры рэчы. Па-першае, НАТО праінфармавала заходняе грамадства пра сваіх балтыйскіх хаўруснікаў і тое, як зацята яны змагаліся за сваю свабоду і лад жыцця. Па-другое, альянс запэўніў балтыйскіх хаўруснікаў, што нават магчымыя неадназначныя і цяжкія старонкі іхнай гісторыі не замінаюць альянсу быць цалкам адданым абароне іхнай сучаснай незалежнасці. Па-трэцяе, неадэкватная рэакцыя Масквы была яўна выкліканая тым, што яна ўбачыла папярэджанне – у выпадку агрэсіі супраць трох невялікіх краін яе не будзе чакаць лёгкая прагулка.

Літоўскія камандас. Фота – Wikimedia.org

Англамоўны літоўскі камандас увасабляе дух «лясных братоў» у сучасных прыбалтыйскіх вайскоўцаў і іхную інтэграванасць у адзіную структуру НАТО, гатовасць змагацца ў тыле ворага да апошняй магчымасці.

«Нашая гісторыя сыходзіць ад «лясных братоў». Іхная тактыка сыходзіць у лес малымі групамі, потым збірацца, каб біцца з вялікімі злучэннямі ворага, увесь час за лініяй фронту. Гэта тое, да чаго мы падрыхтаваныя, да чаго мы рыхтуемся кожны дзень», – кажа вайсковец.

Аляксандр Гелагаеў

Глядзі таксама
Каментары