Качанава назвала галоўныя задачы для Менску ў гэтым годзе


Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава на аператыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме назвала прыярытэтныя задачы для Менска на 2018 год, перадае БелТА.

Асноўныя намаганні гарадскіх уладаў, паводле яе слоў, павінны быць сканцэнтраваныя на такіх напрамках, як забеспячэнне занятасці, стварэнне новых працоўных месцаў, кантроль за цэнаўтварэннем, рост заробкаў.

«У Менску сітуацыя на рынку працы нядрэнная: налічваецца больш за 12 тысяч вакансіяў, нізкі ўзровень беспрацоўя. Разам з тым даведзена сур’ёзнае заданне па стварэнні новых працоўных месцаў. З уступленнем у сілу дэкрэту №1 гэтыя пытанні набываюць усё большую актуальнасць, неабходна больш актыўна прапаноўваць людзям тыя месцы, якія ёсць у горадзе, для працы», – сказала Качанава.

Яна адзначыла, што ў Менску па выніках 2017 года дасягнуты самы высокі ўзровень заработнай платы ў краіне.

«Але мы разумеем, што гаворка ідзе аб сярэднім паказчыку, і трэба ўважліва паглядзець на ўсе катэгорыі працаздольных грамадзян, якія працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях, каб заработная плата выплачвалася своечасова, быў рост. Яшчэ адна задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы, – падтрыманне лекараў і настаўнікаў. У Менску традыцыйна аказваецца падтрыманне работнікам гэтых сфер, думаю, яна будзе падоўжана і ў гэтым годзе », – дадала яна.

Таксама Наталля Качанава звярнула ўвагу на неабходнасць уводу ў эксплуатацыю ў 2018 годзе ўсіх даўгабудаў, удасканалення светлавога афармлення і асвятлення гарадскіх вуліц, архітэктурнай падсветкі будынкаў. Паводле яе слоў, пастаўленая задача па «эстэтызацыі гарадскога асяроддзя».

КА, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў