Ізраіль вырашыў не зачыняць амбасаду ў Менску


Імаверна, Беларусь не зачыніць амбасаду ў Тэль-Авіве.

Міністэрства замежных справаў Беларусі ў прэсавым паведамленні пацвердзіла, што атрымала ад Ізраіля афіцыйны дакумент пра адмену ізраільскім урадам папярэдняй пастановы зачыніць амбасаду.

Пра намер зачыніць амбасаду ў Менску Ізраіль абвесціў летась, афіцыйная прычына – эканомія сродкаў. Рашэнне набыло моц 6 студзеня 2016 года. Беларусь у адказ заявіла пра намер зачыніць амбасаду ў Ізраілі.

16 сакавіка прэмʼер Біньямін Нетаньяху вырашыў не зачыняць амбасаду.

«Згодна з агульнапрынятай дыпламатычнай практыкай МЗС Ізраіля афіцыйнай нотай паведаміла беларускі бок пра тое, што амбасада дзяржавы Ізраіль у Менску застанецца адкрытай ды працягне функцыянаваць у звычайным рэжыме», – інфармуе беларускае ведамства.

У сваёй ноце Ізраіль падкрэслівае «важнае значэнне, якое дзяржава Ізраіль надае наяўнасці дыпламатычнай місіі ў Менску з улікам трывалых стасункаў паміж Ізраілем і Беларуссю».

Летась паміж Беларуссю і Ізраілем пачаў дзейнічаць бязвізавы рух для турыстаў і гасцей, што прыязджаюць на тэрмін да трох месяцаў.

ДД

Глядзі таксама
Каментары