«Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасць за тэракты ў Лондане


Відэасюжэт «Белсату» пра тэракты ў Лондане

Экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасць за напад на людзей у Лондане, ахвярамі якога сталі сем асобаў.

Такое паведамленне джыхадысты распаўсюдзілі праз звязанае з імі інфармацыйнае агенцтва «Amaq».

Раней брытанская паліцыя заявіла, што ўстанавіла асобы нападнікаў, аднак пакуль не стала выдаваць іхныя імёны.

«Ісламская дзяржава» часта бярэ на сябе адказнасць за тэрарыстычныя акты ў Еўропе, нават калі відавочнай сувязі паміж зламыснікамі і ІД не прасочваецца.

Паліцыя і ўлады Брытаніі ніяк не пракаментавалі гэтую заяву.

Увечары ў суботу ў цэнтры Лондану фургон, які рухаўся на высокай хуткасці, наехаў на тратуар і збіў некалькіх пешаходаў. Фургон пасля гэтага праехаў па мосце і спыніўся недалёка ад размешчанага побач з мостам рынку Боро-маркет. З аўта выскачылі мужчыны, якія напалі з нажамі на мінакоў.

Паліцыя паведаміла, што тых, хто нападаў было трое, усе яны былі забітыя паліцыянтамі, якія прыбылі на месца здарэння.

Восем узброеных паліцыянтаў, паводле кіраўніка Контртэрарыстычнага падраздзялення Скотлэнд-ярда Марка Роўлі, зрабілі 50 стрэлаў па тых, хто нападаў. На тэрарыстах былі надзетыя муляжы паясоў смяротнікаў, паведаміў Роўлі.

Таксама атрымаў агнястрэльнае раненне адзін з мінакоў, яго даставілі ў больніцу.

Усяго з моманту званка ў паліцыю аб нападзе да нейтралізацыі ўсіх трох тэрарыстаў прайшло каля васьмі хвілін.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле BBC Russian

Стужка навінаў