Ісламазнаўца Рым Шпільгаўс: У тэрарысты ідуць мусульмане з нерэлігійных сем’яў


Свет дзеліцца на тых, хто гатовы прыняць іншую культуру, і тых – хто не гатовы. Сёння гэтая мяжа часта праходзіць па рэлігійных поглядах. За танцы ў святыні можна сесці ў турму, за карыкатуру – развітацца з жыццём. Хто вінаваты ў тэроры, які ад імя Алаха твораць экстрэмісты, і ці знайшлі сваё месца ў Еўропе вернікі-мусульмане, спрабавала даведацца карэспандэнтка «Белсату» у Нямеччыне Жанна Кромер у размове з нямецкай эксперткай, ісламазнаўцай, доктарам навук Рым Шпільгаўс.

Ці цяжка сёння быць мусульманкаю або мусульманінам у Еўропе?

«Гэта даволі складанае пытанне. З аднаго боку важна, ці ты можаш практыкаваць сваю рэлігію, напрыклад, шмат для каго праблема звязаць працу або школу і пятнічную службу. Скажам, хрысціяне маюць сваю месу ў царкве ў нядзелю і гэты дзень для іх зручны, бо ён выходны. А мусульманам даводзіцца выкручвацца, і яны залежаць ад міласці працадаўцы. Ці, напрыклад, пахаванне. Мусульманам важна быць пахаваным у покрыўцы, каб цела цалкам перайшло ў попел. Але пахаванне ў драўлянай труне было тут, у Нямеччыне, да апошняга часу абавязковае, і толькі нядаўна некаторыя землі далі дазвол на іншы рытуал пахавання. Або тое, што магіла мусіць быць павернутая ў бок Меккі… Такіх прыкладаў шмат, і мусульманам у Еўропе ў практычным сэнсе нялёгка, яны часта адчуваюць сябе маргіналізаванаю групаю. Іншае пытанне, гэта пытанне ідэнтычнасці. Ці да мяне будуць ставіцца варожа, калі, напрыклад, па маёй хустцы бачна, што я мусульманка? І тут, на жаль, трэба сказаць, што варожасць і агрэсія, напады на мусульманаў у Еўропе пашырыліся, асабліва ў апошнія месяца пасля тэрактаў у Парыжы. У Берліне мінулым летам нехта падпаліў будынак мячэці. Добра, што ўнутры не было людзей. Вернікі атрымліваюць лісты з пагрозамі ды ўсё такое. Звычайныя вернікі адчуваюць сябе ў небяспецы».

Ці можна сказаць, што ў мусульманскіх грамадаў Еўропы ёсць нейкая агульная пазіцыя датычна «Ісламскай дзяржавы»?

«Магу сказаць пра Нямеччыну. Тут летась праводзілася вялікая акцыя. Усе буйныя мусульманскія арганізацыі, усе грамады сабраліся і зрабілі адзін дзень, пятніцу, днём агульнай малітвы. Прыкладна ў 2000 мячэцяў адначасова праходзіла пропаведзь, у якой катэгарычна асудзілі «Ісламскую дзяржаву» і тэрор. Больш за тое, з гэтай пропаведзі вынікае таксама, што «Ісламская дзяржава» у першую чаргу шкодзіць ісламу і самім мусульманам, менавіта звычайныя вернікі мусульмане становяцца першаю мішэнню для тэрарыстаў у Сірыі або Іраку, бо не падзяляюць экстрэмісцкіх поглядаў і не прытрымліваюцца прадпісанняў і загадаў гэтых саманазваных каліфаў. Большасць мусульманаў у Еўропе не маюць з такім экстрэмісцкім ісламам нічога агульнага. З іншага боку існуюць усё ж зусім маленькія групы, якіх імідж «Ісламскай дзяржавы» прыцягвае. У першую чаргу гэта хлопцы, якім паказваюць, што трэба быць гэтак званым «сапраўдным мужыком і ваяром», або дзяўчаты, якім менавіта такога мужчыну абяцаюць. А «Ісламская дзяржава» сябе інсцэнуе менавіта такімі ваярамі з грахом, капіталізмам, несправядлівасцю. Напрыклад, у ют’юбаўскіх відэа. І завербаваныя маладыя мусульмане звычайна з’язджаюць увогуле нечакана для сям’і. Даследаванні паказваюць, што экстрэмісты тут, у Еўропе, – гэта часцей за ўсё як раз неафіты, моладзь, якая расла ў нерэлігійных сем’ях, не мае грунтоўнага рэлігійнага выхавання, не мае кантакту да грамадаў, не наведвала мячэці, але мае праблемы з самаідэнтыфікацыяй і шукае правадыра. Яны становяцца ахвярамі вербавальнікаў. Гэта праблема для грамадаў, бо не зразумела, што супрацьпаставіць вербаванню, калі не маеш кантакту якраз з тым, хто ў групе рызыкі, бо ён у мячэць не ходзіць. Вядома, ніводная маці не хоча дзіцяці такога лёсу і не хоча, каб ён стаў гарматным мясам, а хоча, каб ён застаўся дома».

Ці дарослыя мусульмане ў Еўропе нешта прадпрымаюць у якасці прафілактыкі, каб гэтыя маладыя людзі не станавіліся экстрэмістамі?

«Вядома, грамады намагаюцца супрацьстаяць. Па-першае, яны, прапаведуюць іншы, сапраўдны іслам. Гэта мірны, умераны іслам. Па-другое, ёсць адмысловыя праграмы. Напрыклад, тут у, Берліне, ёсць мячэць «Шітлік» (Şehitlik), яны бяруць удзел у праектах, накіраваных супраць радыкалізацыі моладзі. Яны ладзяць сустрэчы, прыязджаюць у школы ў якасці кансультантаў, калі, напрыклад, настаўнікі маюць уражанне, што нехта з падлеткаў выказвае дзіўныя настроі адносна рэлігіі ды нейкія сімпатыі да джыхаду. Яны прыязджаюць, размаўляюць з моладдзю, адказваюць на іхныя пытанні, даюць парады. Пра іслам, але і пра іншыя рэчы, якія іх, магчыма, фрустрыруюць у гэтым жыцці. На жаль, як я казала, тыя, хто падпадае пад уплыў экстрэмістаў і з’язджае потым у Сірыю, гэта звычайна дзеці з нерэлігійных сем’яў. Або часта гэта тыя, хто канверсаваўся з іншай рэлігіі ды адразу ўдарыўся ў радыкальны іслам. Праз мячэці да іх няма дасягу, бо яны туды не хадзілі. І дагрукацца да іх цяжка. Таму старэйшыны шукаюць такую магчымасць праз школы. Белсат: Скажыце, а чаму карыкатуры на Прарока, якія падаюцца хрысціянам зусім не такімі крыўднымі, чаму яны так крыўдзяць мусульманаў, што некаторыя гатовыя нават на тэрор?»

Што ў гэтых карыкатурах такога?

«Па-першае, мусульмане вераць, што Прарока нельга маляваць. У прынцыпе, гаворка толькі пра тое, што не трэба рабіць з Прарока ідала ды маліцца выявам. Але шмат хто бачыць забарону на малюнкі літаральна. Да таго ж, хрысціяне так не рэагуюць на карыкатуры на Хрыста, бо гэта іншы менталітэт. Яны вераць, што Хрыстос быў укрыжаваны, і праз прыніжэнне ды катаванні ён і цяпер становіцца толькі больш вялікім для іх. Мусульмане бачаць свайго Прарока інакш. Там не было гаворкі пра самаахвяраванне і тое, каб падстаўляць другую шчаку. Прарок быў кіраўніком дзяржавы, палітыкам, гэта іншы мэсідж. Ну і па-трэцяе, Прарок увасабляе для вернікаў іх самых, таму яны вельмі цяжка ўспрымаюць яго зняслаўленне праз іншых, цяжэй, чым сваё ўласнае. Увогуле, я думаю, галоўнае, што крыўдзіць – гэтае пасланне ад іншых еўрапейцаў «Мы не хочам паважаць вашыя рэлігійныя святыні».

Жанна Кромер, «Белсат», Берлін

Глядзі таксама
Каментары