Ірыну Халіп узнагародзілі ордэнам Сахарава «За мужнасць»


Ордэн «За мужнасць». Фота: charter97.org

31 студзеня ў Маскве адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі Андрэя Сахарава «За журналістыку як учынак» і ордэна «За мужнасць».

Ордэнам былі ўзнагароджаныя 22 журналісты, публіцысты, блогеры з Расеі, Украіны, Беларусі, Казахстана, Узбекістана і Азербайджана. Усе яны зазналі пераслед з боку ўладаў за выказванні сваёй грамадзянскай пазіцыі. Мярод узнагароджаных – беларуская журналістка Ірына Халіп, піша charter97.org.

У сваёй прамове Ірына Халіп заклікала да салідарнасці з сайтам charter97.org, які блакуюць беларускія ўлады.

«Рэжымы ў Беларусі і Расеі – як злучаныя сасуды: яны спаборнічаюць у тым, каб узяць адзін у аднаго толькі самае горшае. Журналісты адкрыта пра гэта кажуць, таму такія рэжымы і ўзмацняюць супраць іх рэпрэсіі. Супрацьстаяць ім дапамагае наша салідарнасць.

У турме цябе палохаюць тым, што ты нікому не патрэбны, пра цябе ўсе забыліся, таму наша задача – не забываць. Пісаць і казаць пра ўсіх, хто змагаецца з несправядлівасцю і за гэта падвяргаецца рэпрэсіям, пісаць пра парушэнні правоў чалавека. Казаць пастаянна, не адносіць ні адзін падобны выпадак да ўчорашніх навінаў», – падкрэсліла журналістка.

Прэмія імя Андрэя Сахарава «За журналістыку як учынак» заснаваная ў 2001 годзе. У 2017 годзе з ініцыятывы арганізатараў для змагароў за праўду быў заснаваны ордэн «За мужнасць».

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары