Па патрабаванні музыкаў YouTube ужо выдаліў фільм «Белы легіён чорных душ» з каналу Белтэлерадыёкампаніі.
12 красавіка Белтэлерадыёкампанія паказала фільм «Белы легіён чорных душ», у якім выкарыстала музычны твор без дазволу праваўладальніка.
Гэта – кампазіцыя «Верабей» гурту Irdorath.
Аўтарскія правы на выкарыстаную кампазіцыю належаць Надзеі, вакалістцы і мультыінструменталістцы. Яна і падала скаргу адміністратарам сэрвісу Youtube.
Пра гэта адзін са стваральнікаў гурту, Уладзімір, распавёў радыё «Свабода».
«Мы сваю музыку ніколі не асацыявалі з палітыкай, а тым больш з дзяржпрапагандай, – кажа музыка. – Тым больш пад такім кантэнтам мы б ніколі не падпісаліся. Гэты фільм быў зроблены па замове пасля вядомых падзеяў. Наша музыка там гучаць не павінна, і нашага імя там быць не павінна».
Судзіцца з БТ музыкі не збіраюцца.
БТ крадзе мастацкія творы не ўпершыню. Год назад тэлеканал паказаў у адным са сваіх сюжэтаў дзве фатаграфіі паўночнага ззяння, які зрабіў Антон Матолька. Канал не звярнуўся да фатографа па дазвол, не падпісаў здымкі і не выплаціў ганарар. А пазней адмовіўся падпісаць з фатографам замірэнне.
ДД