Іранскае тэлебачанне паведаміла пра 12 загінулых падчас пратэстаў


Антыўрадавыя пратэсты працягваюцца ў Іране пяты дзень, яны ахапілі буйныя гарады краіны, у тым ліку сталіцу Тэгеран. Сёння на іранскім тэлебачанні зʼявілася інфармацыя аб 12 ахвярах, перадае агенцтва Associated Press.

Раней паведамлялася аб чатырох загінулых падчас пратэстаў: двое пратэстоўцаў загінулі 30 снежня, яшчэ двое – у ноч на 1 студзеня на паўднёвым захадзе краіны.

Антыўрадавыя акцыі пачаліся ў Іране 28 снежня на знак пратэсту супраць росту цэнаў, і працягваюцца ўжо пяты дзень.

Паліцыя арыштавала сотні дэманстрантаў. Прэзідэнт Ірана Хасан Рухані 31 снежня заявіў, што грамадзяне «абсалютна вольныя» крытыкаваць уладу і пратэставаць, але засьцярог ад гвалту.

Улады краіны заблакавалі доступ да папулярных сярод пратэстоўцаў сацсетак Instagram і Telegram, карыстальнікі паведамілі пра блакаванне 31 снежня.

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп выказаў падтрымку пратэстоўцам, крытыкуючы іранскія ўлады за «закрыццё інтэрнэту» і абвінавачваючы іх у парушэнні правоў удзельнікаў акцый: права на свабоду слова і сходаў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў