Іракскае войска цалкам выбіла курдаў з Кіркуку


Курды ў правінцыі Кіркук. REUTERS/Azad Lashkari

На поўначы Ірака ўрадавыя сілы ўсталявалі кантроль над апошнім раёнам нафтаноснай правінцыі Кіркук, які ўтрымлівалі ваенізаваныя курдскія атрады пяшмерга. Курды аказалі супраціў – бой у Алтун-Купрытэ доўжыўся 3 гадзіны. Пра страты бакоў інфармацыі не паступала.

Дагэтуль адзіным буйным сутыкненнем быў бой у мінулы панядзелак, 16 кастрычніка, калі іракскае войска пачало аперацыю па вяртанні пад кантроль Багдаду спрэчных тэрыторыяў правінцыі Кіркук, якія байцы пяшмерга ўтрымлівалі з 2014 года, калі адбілі іх у тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы». У далейшым, да сённяшняга дня, курдскія сілы адступалі, не аказваючы супраціву.

Напрыканцы верасня ў Курдскім аўтаномным раёне Іраку і ў Кіркуку адбыўся рэферэндум, на якім 93% удзельнікаў галасавання падтрымалі незалежнасць ад Іраку. Пасля прызнання Багдадам незаконным рэферэндуму аб незалежнасці Курдыстану ўрадавая армія пачала выцясняць курдаў з Кіркуку.

ІІ, belsat.eu, паводле “Голасу Амерыкі”

Глядзі таксама
Каментары