Іпэшнікі: «Станем бамжамі і будзем сядзець на шыі ў дзяржавы»

video

Каля двухсот берасцейскіх прадпрымальнікаў прыйшлі сёння на сход, які адбыўся на рынку за мясцовым ЦУМам. Іпэшнікі пастанавілі не працаваць з 1-га лютага і не плаціць падаткаў у бюджэт, назваўшы захады ўладаў з увядзеннем абавязковай сертыфікацыі тавараў злачынствам супраць саміх жа сябе.

«Мы просім крэдыты ў Расеі, у МВФ. А самыя адмаўляемся ад падаткаў. Ну гэта ж смешна. Мы даем грошы ў бюджэт, і не маленькія грошы даем. Ва ўсялякім разе, для мясцовага бюджэту грошы немаленькія. А таму сёння адмовіцца ад нашых падаткаў – гэта проста злачынства з боку дзяржавы. Гэта эканамічная дыверсія», – зазначае прадпрымальніца з Берасця Алена Кустус.

Гандляры настроеныя рашуча і плануюць ісці да канца, пакуль не будзе адменены ўказ. Што праўда, разлічваць у гэтым пытанні на мясцовыя ўлады, паводле індывідуальных прадпрымальнікаў, зусім не выпадае.

«Адзінае, што могуць зрабіць нашыя мясцовыя чыноўнікі, – гэта данесці наш пункт погляду наверх. Усё. Нашыя чыноўнікі нічога не могуць зрабіць, абсалютна. Так што безвынікова да іх звяртацца», – мяркуе Канстанцін, прадпрымальнік з Берасця.

Звярнуцца да чыноўнікаў на месцах сёння спрабавалі і гандляры на Гомельшчыне. ІП у Рэчыцы пастанавілі прыпыніць сваю працу з наступнага месяца. Але цісне на гандляроў не толькі дзяржава, але і адміністрацыя рынку, якая прымушае плаціць арэнду, нягледзячы на зачыненыя ралеты.

Ужо ў гэтую пятніцу рэчыцкія прадпрымальнікі збіраюцца ехаць у Гомельскі аблвыканкам, каб вырашыць сваю будучыню. Калі ж чыноўнікі не прыслухаюцца да гандляроў, то…

«Шмат хто зʼедзе ў Расею і Украіну. Некаторыя пяройдуць на іншы від дзейнасці. А палова стане бамжамі і будзе сядзець на шыі ў дзяржавы», – прагназуе Алег Шабетнік, прадпрымальнік з Рэчыцы.

Але прадпрымальнікі ўсё роўна вераць у сваю перамогу.

«Вось калі прыйдзе новы сезон, і народ усвядоміць, што няма дзе набыць тавар, вось тады людзі і выйдуць, і будуць салідарныя з намі», – упэўненая Алена Мароз, прадпрымальніца з Рэчыцы.

Напярэдадні іпэшнікі «Паўднёвага рынку» у Горадні склалі калектыўны зварот з патрабаваннем скасаваць скандальны ўказ №222 ды накіравалі свае подпісы ў Савет Міністраў і Адміністрацыю кіраўніка краіны. Падчас сустрэчы з гарадзенскімі чыноўнікамі адзін з гандляроў распавёў, што ўсе ягоныя сябры зʼехалі за мяжу, бо на Радзіме сёння беларусам няма аніякай магчымасці працаваць.

«Адзін працуе ў Маскве, адзін – у Піцеры, адзін зʼехаў у Швецыю і яшчэ адзін працуе ў Варшаве. Памочнікам будаўніка», – распавядае дробны гандляр з Горадні.

Пустыя рынкі – паўсюдная карціна. Жыхар Віцебску Дзмітрый Літвін выклаў відэа з «Паўднёвага рынку», дзе паказаў пустыя ралеты і заснежаныя шэрагі нават у выходныя дні ды звярнуўся ў сваім роліку да Аляксандра Лукашэнкі.

Пустыя рынкі – а разам з ім і пустыя дакументы аб прыбытках. Гэтак, старшыня грамадскай арганізацыі «Перспектыва» Анатоль Шумчанка адзначае, што ў рэгіёнах прадпрымальнікі масава пададуць у падатковыя інспекцыі нулявыя дэкларацыі за будучы месяц.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары