Інваліды-вазочнікі пратэстуюць у Менску, прыйшлі прадстаўнікі гарвыканкаму


Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў збірае мітынг у парку Дружбы народаў.

Мерапрыемства адбываецца з 12:00 па 15:00.

Ягоная мэта – падтрымка міжнароднага руху інвалідаў Еўропы за роўныя правы і супраць дыскрымінацыі, звяртанне ўвагі грамадства да праблемаў безбарʼернага асяроддзя для інвалідаў.

Акцыю наведалі прадстаўнікі Менгарвыканкаму, паведамляе карэспандэнт Belsat.eu.

Удзельнікі мітынгу падпісалі зварот на імя Аляксандра Лукашэнку. У дакуменце апісваюцца праблемы, з якімі сутыкаюцца інваліды, а таксама агучваецца просьба вырашыць вострыя праблемы. А менавіта:

  • У Беларусі адсутнічае заканадаўства, якое рэгулюе такую зʼяву як дыскрымінацыя. Людзі з інваліднасцю паўсюдна сутыкаюцца з ёй і не маюць права абараніць сябе, у тым ліку праз суд.
  • Кожны інвалід сутыкаецца з праблемай безбарʼернага асяроддзя. Каб яе вырашыць, інваліды-вазочнікі прапануюць стварыць працоўную групу. У яе сярод іншых маюць увайсці дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрства працы і сацабароны, прадстаўнікоў Дзяржстандарту.
  • Будаўнічыя нормы патрабуюць, каб жылыя дамы з ліфтамі прадугледжвалі доступ для інвалідаў на ганак і ўзровень першага павераху (унутры падʼезду павінны быць пандусы і падʼёмнікі). Разам з тым пры будаўніцтве 4-5-павряховых дамоў без ліфтаў такі доступ не прадугледжаны. Інваліды-вазочнікі заклікаюць Аляксандра Лукашэнку паспрыяць увядзенню адпаведных зменаў у заканадаўства.
  • Таксама звяртаюцца да кіраўніка краіны з просьбай як мага хутчэй вырашыць праблемы прызначэння пенсіяў для асобаў, якія дапамагаюць інвалідам I групы і дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў.

«У нашым грамадстве інвалід дагэтуль успрымаецца, як асоба якой не пашчасціла, якая мае сядзець дома і якая вартая шкадавання. Гэта і ёсць найвялікшая праблема, з якой выцякаюць астатнія. Праз мітынг 5 траўня мы хочам дагрукацца да людзей, каб яны пачулі і зразумелі, што мы хочам свабодна перасоўвацца, можам вучыцца і працаваць», – распавёў напярэдадні Belsat.eu  старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўген Шаўко.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў