Ініцыятыўная група Лукашэнкі падала дакументы ў ЦВК


У склад ініцыятыўнай групы па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі ў кандыдаты ўвайшло каля 10,5 тыс. чалавек. Узначальвае штаб старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.

На выбарах 2010 года ініцыятыўную групу Лукашэнкі ўзначальваў Аляксандр Радзькоў, які тады займаў пасаду міністра адукацыі. У ініцыятыўную групу Лукашэнкі тады ўвайшлі 8.403 чалавекі.

60-гадовы Аляксандр Лукашэнка балатуецца на пасаду прэзідэнта Беларусі ўжо пяты раз.

Аб намеры ўдзельнічаць у выбарах 2015 года Лукашэнка ўпершыню публічна заявіў мінулай восенню. На прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расейскіх СМІ 17 кастрычніка ў Менску ён, у прыватнасці, сказаў: «Сёння, калі б гэтыя выбары былі заўтра, я б удзельнічаў, – сказаў ён. – Што будзе праз год, шчыра вам кажу, спадзяюся, што не перавернецца свет і Беларусь не апынецца дзесьці там на дне. Калі ўсё будзе нармальна і я буду здаровым, у мяне няма падстаў адмовіцца ад перадвыбарнай кампаніі».

Адзначыўшы, што ён знаходзіцца ва ўладзе ўжо 21 год, Лукашэнка заявіў: «Ужо ёсць факт стомленасці ад цябе людзей. Не прагаласуюць – і няхай, гэта магчымасць пажыць. Калі ў мяне будзе такое здароўе, як сёння, то я яшчэ шмат пажыву. Я займуся нейкай справай, дзесьці, можа быць, нават і адпачну, калі змагу».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў