HRW заяўляе пра эксплуатацыю работнікаў пры будаўніцтве стадыёнаў да ЧС-2018 у Расеі


Фота - Pawel Kopczynski/Reuters

Будаўнікі на расейскіх стадыёнах да Чэмпіянату свету па футболе 2018 г. падвяргаюцца эксплуатацыі і парушэнню працоўных правоў. Пра гэта заявіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch (HRW).

«Будаўнічыя работнікі на стадыёнах ЧС-2018 сутыкаюцца з эксплуатацыяй і парушэннямі, але FIFA пакуль яшчэ не даказала, што здольная эфектыўна праводзіць маніторынг, папярэджваць і выпраўляць такія сітуацыі», – кажа намеснік дырэктара Human Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Джэйн Бʼюкенен.

Чэмпіянат свету па футболе пройдзе ў Расеі 14 чэрвеня – 15 ліпеня 2018 года. 32 каманды будуць гуляць на 12 стадыёнах у 11 гарадах.

У сваім дакладзе праваабаронцы канстатуюць наступныя парушэнні правоў працоўных: нявыплату заробку; нясвоечасовую выплату заробку з затрымкай да некалькіх месяцаў; працу пры тэмпературы -25 ° C без забеспячэння спецыяльных мер абароны; адсутнасць працоўнага дагавора, неабходнага для легальнай працоўнай дзейнасці. Зафіксавана 17 выпадкаў смерцяў на вытворчасці.

Праваабаронцы ўдакладняюць, што ў будаўніцтве ўдзельнічаюць як расейскія работнікі, так і мігранты з Беларусі, Украіны і краін Цэнтральнай Азіі.

На шэрагу абʼектаў працоўныя неаднаразова страйкавалі, пратэстуючы супраць нявыплаты заробку і іншых парушэнняў. Праваабаронцы таксама спасылаюцца на інфармацыю некаторых міжнародных СМІ, згодна з якой на будаўніцтве арэны «Стадыён Санкт-Пецярбург» былі задзейнічаны паўночнакарэйскія работнікі, якія працавалі з вялікай працягласцю працоўнага дня пры рэдкіх выходных і якіх потым прымушалі адпраўляць заробленыя грошы ўраду КНДР.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары