«Харчуюся раз на дзень, сняданак не магу сабе дазволіць». Галоднае рабства пад наглядам дзяржавы


Асуджаны за няплату аліментаў мужчына працаваў за ежу ў калоніі ды мае намер абвесціць галадоўку. «Я пастаўлены ва ўмовы несумяшчальныя з жыццём», – гаворыць Уладзімір Прадкін.

Асуджаны жыхар Рэчыцы адбывае пакаранне ў папраўчай установе № 17 Гомля. Мужчына працуе на палову стаўкі ў папраўчай калоніі № 4. За сваю працу атрымлівае 1 млн. рублёў, з іх 700 тыс. вылічваюць на пагашэнне запазычанасці, 150 тыс. Прадкін траціць на праязны, у выніку на жыццё застаецца 150 тыс. беларускіх рублёў.

«Пасля выліку запазычанасці ў мяне нічога не застаецца. Я адчуваю сябе, як мыш загнаная ў кут. Я не ведаю што мне рабіць, – з адчаем кажа Уладзімір Прадкін. – Харчуюся толькі адзін раз на дзень. Сняданак я сабе не магу дазволіць, у абед я п’ю кубак гарбаты каб перабіць пачуццё голаду, а ў вечары грамаў 200 грэчкі ці рыса ці макараноў. Каб я быў офісным работнікам, а я ж працую фізічна. Я моцна схуднеў, пастаянна пачуццё стомы, проста не ведаю як мне жыць далей. Калі да канца месяца я яшчэ маю сродкі дажыць, дык далей я буду змушаны абвесціць галадоўку. Іншай альтэрнатывы я не бачу».

[vc_single_image image=”368231″ img_size=”large”]

Уладзімір Прадкін звярнуўся ў адміністрацыю калоніі № 4 каб дазволілі працаваць 8 гадзінаў на дзень, але з умовай, што ён зможа харчавацца ў сталоўцы калоніі. Адміністрацыя пагадзілася на такі варыянт з умовай, што заробак будзе той жа, але асуджанага будуць карміць.

«Я такім чынам працаваў адзін тыдзень за харчы – распавядае сп. Прадкін, – але схадзіўшы ў сталоўку 2 разы я зразумеў, што гэта есці немагчыма. Ці то сапсаваныя прадукты ці то нямытыя катлы, але ежа жудасная. Такую ежу вараць хіба толькі быдлу».

Асуджаныя папраўчай установы мусяць таксама плаціць за інтэрнат у якім пражываюць, у не ацяпляльны сезон – 150 тыс., у ацяпляльны – 300 тыс. беларускіх рублёў.

«Я абавязаны плаціць за інтэрнат, – кажа сп.Уладзімір, – але пакуль яшчэ нічога не плаціў, бо мне няма чым разлічыцца. Адміністрацыя прымае рэпрэсіўныя меры адносна тых, хто не плаціць. Напрыклад, асуджанага не пускаюць у краму і нават заключаюць у ШЫЗО».

Паводле закону асуджаныя, якім прысудзілі т.зв. хімію, мусяць працаваць, але самім шукаць месца працы ім не дазваляецца. Працаўладкаваннем займаецца адміністрацыя хіміі. Пошук працы займае іншым разам некалькі месяцаў цягам трох месяцаў Уладзіміра Прадкіна не маглі працаўладкаваць і толькі пасля скаргі ў пракуратуру, ён атрымаў працу ў жаночай калоніі.

«Уладкоўваюць звычайна для галачкі, толькі бы чалавек быў працаўладкаваны, а як ён будзе жыць за такія мізэрныя грошы ўжо нікога не хвалюе» – кажа сп. Прадкін.

Сітуацыя гэта, са слоў Прадкіна, не выключная: каля 100 асуджаных хімікаў не маюць аніякай працы і выжываюць выключна дзякуючы падтрыманню з боку сваякоў.

«Атрымліваецца, што хімія – пакаранне для сваякоў асуджаных, – кажа сп.Прадкін. Многія па паў гады сядзяць без працы і нават болей».

Падчас падрыхтоўкі матэрыялу, Уладзімір Прадкін паведаміў, што з-за ягонага звароту да журналістаў яго не выпусцілі на 4 гадзіны наведаць касцёл у выходны дзень.

Ларыса Кавальчук, belsat.eu

Стужка навінаў