Гвалт, пакуты, непрызнанне межаў. Пра ўплыў расейскай культуры – інтэрв’ю з Наталляю Зубар

Wideo

Чаму расейцы не заўсёды прызнаюць уласныя і чужыя дзяржаўныя межы? Пра адмоўны ўплыў расейскай культуры – інтэрв’ю з Наталляю Зубар, якая кіруе інфармацыйным цэнтрам «Майдан Моніторинг» у Харкаве.

Што нам, беларусам і ўкраінцам, суседзям Расеі, трэба ведаць пра расейскую культуру?

Наагул трэба ведаць пра расейскую культуру шмат, бо трэба разумець, якую пагрозу яна нясе і ў чым яе прывабнасць.

Шмат людзей любяць расейскія песні. Яны падабаюцца нават тым асобам, якія вельмі негатыўна адносяцца да самое Расеі. Калі мы паслухаем расейскія песні – найпрыгажэйшыя з іх, розныя рамансы, – мы пачуем, што там няма межаў. Вось, напрыклад, папулярная песня з фільму «Жорсткі раманс»: «И вдвоем по тропе, на встречу судьбе, не гадая, в ад или в рай, так и надо идти, не страшась пути, хоть на край земли, хоть за край». Такім чынам не важна, куды мы ідзем, «в ад или в рай», галоўнае – ісці некуды далёка, далёка за край.

Я заклікаю ўсіх знайсці ў інтэрнэце песню з кінафільму «Жорсткі раманс» і пачытаць словы. Бо калі мы слухаем гэтыя вельмі прыгожыя песні, мы зусім не думаем, што там напісана. А там ідзе апалогія смерці – прыгожая смерць. Прыгадайце, ці ёсць хоць адная гераіня расейскае поп-культуры, літаратуры, фільмаў – шчаслівая жанчына?

Анна Карэніна?

Кінулася пад цягнік. Гераіня фільму «Жорсткі раманс», яна ж – гераіня драмы «Беспасажніца» – памерла. Дзе шчасце?

Адкуль гэта бярэцца? Што гэта: адна шостая частка планеты – і яны самыя не адчуваюць сваіх уласных межаў, таму не шануюць іншых?

Яны не адчуваюць, па-першае, уласнага «я». Бо індывідуальнасць і індывідуальныя правы, пачуццё ўласнае мяжы размытае. Гэта калектыўная цывілізацыя, гэта народ, якому калектывізм ці абшчынны лад заклалі вельмі моцна. Таму яны не прызнаюць уласных межаў і межаў іншых.

Якія схаваныя коды ці ўзоры паводзінаў, што закладваюцца ў сям’і, у грамадстве, хаваюцца ў расейскай культуры, якія нам чужыя і нават нясуць нейкую пагрозу?

Па-першае, гэта прызнанне дапушчальнасці гвалту ў сям’і. Магчыма, вы ведаеце, што ў Расеі зараз могуць дэкрыміналізавць хатні гвалт. Гэта значыць, дзяцей і жонак біць можна. Яны моцна выступаюць супраць еўрапейскай ідэі ювенальнай юстыцыі, калі дзеці могуць паскардзіцца ў паліцыю на суворыя паводзіны бацькоў.

Гэта ўжо закладзена ў іхнай заканадаўчай базе, не толькі ў культуры. Але гэта культурніцкая традыцыя. Далей непрызнанне іншых метадаў развязання канфліктаў акрамя гвалту. І гэта вельмі моцна закладзена як у сямейных стасунках, гэтак і ў іхнай масавай культуры, літаратуры, у іхных песнях.

«Семья – ячейка общества»…

Так. Пры гэтым прыватнасць сям’і вельмі абмежаваная. Калі ўключыць расейскія папулярныя рэаліці-шоу, пра што там вядзецца? Шмат дэталёвых абмяркоўванняў, хто зрабіў спарон, хто каму здрадзіў, чыя свякроў з кім дрэнна паводзіць сябе і гэтак далей. Гэта сталае ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё асобы. Гэта ўсё апісаў Орўэл у кнізе «1984». Вельмі добры расейскі мастак Вася Ложкін усё гэта малюе: «Ці ты Орўэла чытаў? – Не, у акно бачыў».

Усё гэта датычыць культуры, сацыялогіі, але як гэта звязанае з нашым штодзённым жыццём? З палітыкаю, эканомікаю? Прычым тут Украіна ці Беларусь?

Усё вельмі проста. Мы бачым вельмі шмат прадукцыі масавай культуры, якую вырабляюць у Расеі – серыялы і гэтак далей. Яны навязваюць нам свае сацыяльныя нормы. Найважнейшыя з іх – уласна дапушчальнасць гвалту як спосабу развязаць канфлікт і хатні гвалт. Другое – нармалізацыя пакутаў у жыцці.

Прыгадваючы ўсю гэтую велічную расейскую літаратуру, дзе прыгожа паказваюць пакуты, прыгожа – памерці. Гэтыя эмацыйнае спалучэнне – прыгажосць пакутаў – робіць усю расейскую культуру вельмі прыцягальнаю. І гэта небяспечна, бо яна нармалізуе пакуты ў нашым жыцці. Далей – шансон, рамантызацыя крымінальных паводзінаў, рамантызацыя зоны, турэмнага жыцця – гэта не можа быць нармальным.

Што ўкраінцы, якія сталіся ахвярамі расейскай агрэсіі, і мы, беларусы, якія крыху ў іншай сітуацыі, але ў нас рызыка гэтая заўсёды ёсць – Беларусь практычна сатэліт Расеі, які прабуе часткова незалежнасць захаваць, – што мы можам калі не супрацьпаставіць, то запрапанаваць узамен нашым грамадзянам?

Перадусім мы мусім усвядоміць, кім мы ёсць, нашую розніцу, ці мы дазваляем сабе прачытаць словы гэтых песняў, удумацца ў тое, што нас можа прывабліваць, або іншых у гэтых вельмі прыцягальных расейскіх вобразах «русского мира». Пачытаць, зразумець самым, ці мы прымаем гэты гвалт.

Калі не, то далей – пабудаваць ментальную мяжу, сказаць – не, мы не такія. І гэта галоўнае. Чым больш людзей усвядомяць сваю ўласную каштоўнасць, чым больш яны ўсвядомяць розніцу паміж уласнымі каштоўнасцямі і каштоўнасцямі, што навязвае як агульную норму расейская прапаганда, тым лягчэй нам будзе абараняцца. Нам не будзе патрэбнае нейкае супрацьдзеянне, яна на нас проста перастане дзеяць.

І апошняе: а што з моваю?

Мова – наагул ключ да цэлае вайны. Чым больш мы будзем размаўляць на ўласных мовах – украінскай і беларускай, чым больш мы адыдзем ад расейскае мовы, тым менш яна на нас будзе ўплываць.

Пашыраць зону выкарыстання роднае мовы.

Так, абсалютна.

Інтэрв’ю паказалі 22 снежня 2017 г. у праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Таксама ў праграме падсумаванне году ў стасунках з Расеяй і Украінай:

  • «Няма ніякай Беларусі» – кажуць маскоўскія медыі. Як беларусы рэагуюць на гэта і як мы

    павінны рэагаваць?
  • Апошні туз у рукаве Лукашэнкі. Ці Беларусь можа зменьшыць энергетычную залежнасць ад

    Расеі?
  • Беларусь – Украіна. Трэці лішні? Шпіёнскі скандал і гандаль беларусаў з сепаратыстамі на Данбасе, з аднаго боку, ды ўзрост таваразвароту паміж Беларуссю ды Украінай, з другога.

 

 

Глядзі таксама
Каментары