Гран-пры ў Грузіі для фільму Белсату


«Архімандрыт» Ежы Каліны перамог на Міжнародным фестывалі хрысціянскага кіно ў Тбілісі.

Дакументальны фільм «Архімандрыт» Ежы Каліны, зняты тэлеканалам «Белсат», атрымаў гран-пры XI-га Міжнароднага фестывалю хрысціянскага кіно ў грузінскай сталіцы.

У конкурсе прынялі ўдзел трыццаць фільмаў з дзевяці краін. Журы, якое сёлета ўзначальваў польскі рэжысёр Ежы Любах, адзінагалосна прызнала «Архімандрыт» лепшым фільмам фестывалю.

Стужка распавядае гісторыю праваслаўнага манаха з Падляшша – архімандрыта Гаўрыіла, які цягам некалькіх гадоў будуе ў вёсцы Адрынкі над ракой Нараў першы ў Польшчы праваслаўны скіт.

Кадр з фільму «Архімандрыт»
Кадр з фільму «Архімандрыт»

Раней фільм ацанілі і ўзнагародзілі, між іншага, на кінафестывалях у Кіеве, Менску, Маскве, Дняпры (былым украінскім Днепрапятроўску), Чадцы (Славаччына), Крушэвацы (Сербія) і Варшаве.

Фестываль Крыжа Святога Андрэя праходзіць пад патранажам Патрыярха Грузінскай Праваслаўнай Царквы Іллі II-га.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары