Грамадзянін Арменіі ехаў па Менску з хуткасцю 179 км/г


Кіроўца «Ягуару» разагнаўся амаль да 180 км/г на вуліцы Прытыцкага, бо хацеў паспаборнічаць з матацыклістам. Аднак ніякага матацыкліста працаўнікі ДПС не бачылі.

Алена Волчак, старэйшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзелу ДАІ Фрунзенскага РУУС Менску, паведаміла, што «каля 22.30 1 чэрвеня экіпаж дарожна-патрульнай службы кантраляваў хуткасны рэжым паблізу дому №106 па вуліцы Прытыцкага. Раптам міма інспектараў на велізарнай хуткасці пранеслася машына».

«Радар супрацоўнікаў ДАІ зафіксаваў, што яна рухаецца з хуткасцю 179 км/г», – сказала Алена Волчак.

Калі «Ягуар» дагналі і спынілі, высветлілася, што за рулём аўтамабіля знаходзіцца грамадзянін Арменіі 1982 года нараджэння. Беларускага дазволу на жыхарства ён не мае.

Воўчак адзначыла, што госць беларускай сталіцы парушыў правілы дарожнага руху на тэрыторыі Беларусі каля 20 разоў. У 2012 годзе мужчыну на тры гады пазбавілі правоў за кіраванне ў пʼяным стане. Парушальнік мае пасведчанне кіроўцы Арменіі.

Цяпер мужчыну пагражаюць буйныя штрафы за перавышэнне хуткасці (да 15 базавых велічыняў) і паўторнае парушэнне правілаў дарожнага руху (да 20 базавых велічыняў).

Паводле словаў кіроўцы «Ягуара», ліхачыць у гарадской мяжы яго прымусіў спартыўны інтарэс: ён вырашыў паспаборнічаць з матацыклістам. Аднак ніякага матацыкліста інспектары ДПС у акрузе не бачылі.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў