Горадня: 110 год без Элізы Ажэшкі


Вельмі мала гарадзенцаў памятаюць пра Элізу Ажэшку. Сто гадоў таму яна была гераіняй гораду на Немане.
Фота: Васіль Маўчанаў / belsat.eu

Чарговая гадавіна смерці пісьменніцы ў яе ўлюбёным горадзе праходзіць абсалютна незаўважна. Цяжка ўявіць, што стагоддзе таму яна была сімвалам дэмакратызму, шляхецкасці і гуманітарнай дапамогі ў горадзе над Нёмнам.

Гарадзенцы сёння калі і ведаюць Элізу Ажэшку, то хутчэй па знешніх азнаках у старым горадзе: вуліца і помнік яе імя, а таксама дом-музей, дзе месціцца філіял абласной бібліятэкі. Творы пісьменніцы для жыхароў гораду – terra incognita. Што казаць, калі нават маладыя польскія турысты, якія сюды прыязджаюць, па сведчаннях экскурсаводаў, у лепшым выпадку чулі пра “Над Нёмнам”, дзякуючы школьнай праграме і экранізацыям. Іншыя творы калі і чыталі, то ў скарачэнні.

Эліза Ажэшка

Цяжка сабе ўявіць, што стагоддзе таму для Горадні Ажэшка была сапраўдным сімвалам. Нездарма, у часы ІІ Рэчы Паспалітай у горадзе паўстаў усяго адзін помнік асобе, звязанай з нацыянальным рухам – Элізе Ажэшцы. Такога гонару не заслужылі ані Стэфан Баторый, ані Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, ані Тадэвуш Касцюшка, чые лёсы таксама былі звязаныя з горадам.

Reportaż
Komu potrzebne białoruskie dziedzictwo Elizy Orzeszkowej?
2016.06.25 10:05

Чаму менавіта Ажэшка? І дзе шукаць яе сляды ў сучаснай Горадні?

Крок за крокам: паркі, касцёлы, дамы, могілкі

У юнацтве Эліза Ажэшка калі і бывала ў Горадні, то праездам, бо вучылася ў Варшаве. За свайго першага мужа Пятра Ажэшку яна выйшла ў 17 гадоў, а вянчаліся яны ў гарадзенскім Бернардынскім касцёле.

 

Бернардынскі касцёл, дзе Эліза Ажэшка вянчалася з Пятром Ажэшкам. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
Бернардынскі касцёл, дзе Эліза Ажэшка вянчалася з Пятром Ажэшкам. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
Бернардынскі касцёл, дзе Эліза Ажэшка вянчалася з Пятром Ажэшкам. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Пасля быў перыяд жыцця ў Людвінова на Кобрыншчыне, жыццё ў Вільні. Толькі ў канцы 1860-х пасля продажу радавога маёнтку ў Мількаўшчыне Ажэшка пераязджае ў Горадню, каб пражыць тут амаль бязвылаза наступныя 40 год. За ўвесь гэты час пісьменніца адно некалькі разоў ездзіла ў Варшаву ды на воды.

Эліза Ажэшка, партрэт.
Фота: Wojciech Krynski / Forum

Жывучы тут, Ажэшка праводзіць лета за горадам – на вакацыях. Яе ўлюбёнае месца – гэта колішняя каралеўская рэзідэнцыя ў Панямуні пад Горадняй: парк з глыбокімі ярамі і палац з калонамі, з тэрасы якога бачны Нёман. Яшчэ адно месца – Румлёва з шыкоўным паркам таксама на беразе Нёману.

 

Колішні палац у Панямуні, адно з улюбёных месцаў пісьменніцы непадалёк Горадні. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
Колішні палац у Панямуні, адно з улюбёных месцаў пісьменніцы непадалёк Горадні. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
Колішні палац у Панямуні, адно з улюбёных месцаў пісьменніцы непадалёк Горадні. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

 

Сёння і Панямунь, і Румлёва ўваходзяць у рысу гораду, акружаныя сучаснай жылой забудовай, але ж цёмныя сцяжынкі і старыя дрэвы ўсё ж такі захоўваць той стары шарм.

Румлёўскі парк, па сцежках якога любіла шпацыраваць Ажэшка. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
Румлёўскі парк, па сцежках якога любіла шпацыраваць Ажэшка. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
Румлёўскі парк, па сцежках якога любіла шпацыраваць Ажэшка. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

У горадзе Ажэшка жыла па некалькіх адрэсах. Першае месца – гэта дом каля колішняга Сеннага рынку. Ён згарэў падчас вялікага пажару ў горадзе ў 1885-м годзе. Тады загінула бібліятэка, лісты і архіў пісьменніцы, што сталася для яе трагедыяй.

Дзесьці тут, каля былога рынку Сіенным, стаяў адзін з дамоў Элізы Ажэшкі.
Фота: Васіль Маўчанаў / belsat.eu

Наступны адрас – дом у раёне сучаснай вуліцы Васілька, які таксама не дажыў да нашых дзён. Цікава, што ў тым самым доме пасля жыў і беларускі паэт Міхась Васілёк, у гонар якога вуліца пасля была названая.

Дом-музей Элізы Ажэшкі, у якім месціцца аддзяленне бібліятэкі. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Пасля шлюбу са Станіславам Нагорскім у 1894-м годзе Эліза Ажэшка пераязджае ў драўляны дом, сёння вядомы як дом-музей Ажэшкі, хаця насамрэч правільней яго было б называць домам Нагорскага. Другі муж пісьменніцы набыў гэты дом, збудаваны ў 1840-х, у аднаго з гарадзенскіх віцэгубернатараў. Там пісьменніца і пражыла ажно да смерці ў 1910-м годзе.

Апошняй яе «адрэсай» стала магіла пад велічным каменным крыжам на старых каталіцкіх могілках.

Сёння магіла Ажэшкі – абавязковы пункт польскіх вандровак па Горадне.
Фота: Васіль Маўчанаў / belsat.eu

Задача: дапамагчы кожнаму

Чым менавіта Ажэшка заслужыла любоў жыхароў гораду? Найперш, гэта быў чалавек-сімвал. Справа ў тым, што Горадня да Паўстання 1863 году і пасля – гэта два розныя сусветы. Да паўстання – гэта шляхецкі асяродак з салонамі, бібліятэкамі, гісторыяй, дзе гучыць польская і французкая мова.

Reportaż
Komu potrzebne jest muzeum w ojcowiźnie Elizy Orzeszkowej? Nikomu
2016.12.13 15:30

Пасля Паўстання і хвалі рэпрэсіяў, ужо ў часы Ажэшкі, Горадня пачала пераўтварацца ў тыповы расейскі губернскі горад, блізкі да апісаных аналагаў у Гогаля ці Салтыкова-Шчадрына. У ім акурат Ажэшка стала не толькі сімвалам патрыятызму, але і шляхецкасці ды дапамогі бліжняму.

На працягу ўсяго жыцця тут, Ажэшка старалася дапамагчы кожнаму, хто меў патрэбу: паўстанцам ды іх сваякам, габрэям, ахвярам пажару. Напрыклад, паўстанец Людамір Абрэмбскі быў сасланы ў Сібір і вярнуўся адно праз дзесяцігоддзі старым і хворым. Сям’я, зразумела, засталася ў галечы. Ажэшка ж дапамагла ягоным дзеця атрымаць адукацыю, а пасля вылучыла кавалак зямлі пад будаўніцтва вялізнага трохпавярховага дому, побач з домам яе мужа. Не маючы ўласных дзяцей, свой дом па смерці яна таксама перапісала на Абрэмбскіх.

Дом сям’і Абрэбскіх, пабудаваны дзякуючы Ажэшцы.
Фота: Васіль Маўчанаў / belsat.eu

Яшчэ адна веха – гэта люты пажар 1885 году, падчас якога згарэла безліч драўлянай забудовы ў цэнтры гораду. Мноста людзей засталося без дому. Ажэшка ж адразу прыняла ўдзел у камітэце па дапамозе пацярпелым, пісала лісты з просьбамі аб дапамозе па ўсёй Еўропе. Калі Станіслаў Нагорскі, які на той момант яшчэ не быў мужам Ажэшкі, прапанаваў ёй месца на мансардзе свайго дому, то яна са згоды гаспадара падсяліла туды яшчэ некалькі сем’яў пагарэльцаў.

«Сустрэнемся ля Мамачкі!»

Горад ведаў, памятаў і быў удзячны. Яшчэ пры жыцці Ажэшка атрымала статус ганаровай грамадзянкі гораду. Пры жыцці была прапанова назваць вуліцу яе імем, але губернатар выступіў рашуча супраць. Варта дадаць, што за пісьменніцай усё ж такі быў усталяваны паліцэйскі нагляд як за «ненадзейным элементам».

У доме, дзе жыла і памерла Эліза Ажэшка, цяпер музей.
Фота: Васіль Маўчанаў / belsat.eu

Калі на сконе гадоў Ажэшка захварэла, то паводле гарадской легенды ўся вуліца ля дому была высцеленая сенам: каб вазы ды карэты моцна не грукалі па брукаванцы ды не перашкаджалі. З Варшавы гарадзенцы ёй замаўлялі і прывозілі балоны з чыстым кіслародам, каб хворая на сэрца пісьменніца магла дыхаць.

Мара пра вуліцу імя Ажэшкі спраўдзілася ў 1919-м годзе: адразу ж, як у горадзе запанавал польская ўлада.

Помнік пісьменніцы дагэтуль стаіць на вуліцы, названай ейным імем.
Фота: Васіль Маўчанаў / belsat.eu

У 1929-м паўстаў помнік, які спачатку стаяў у парку Жылібера, але з часам быў перанесены на вуліцу імя пісьменніцы. Старажылы ўзгадваюць, што ў міжваенны час моладзь любіла прызначаць спатканні пад помнікам, кажучы: «Сустрэнемся каля Мамачкі!». Напэўна, з усіх эпітэтаў, якія гарадзенцы могуць прыкласці да сваёй пісьменніцы з вялікім сэрцам, гэты найбольш трапны: «Мамачка».

Алесь Кіркевіч. Фота: Васіль Маўчанаў belsat.eu

Стужка навінаў