Гілары Клінтан назвала Пуціна «хросным бацькам сусветнага радыкальнага нацыяналізму»


Гілары Клінтан. Фота zn.ua

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, на думку кандыдаткі на ў прэзідэнты ЗША Гілары Клінтан, зʼяўляецца «хросным бацькам сусветнага радыкальнага нацыяналізму». Пра гэта яна заявіла ў прамове на перадвыбарным мітынгу ў Невадзе.

Галоўным чынам выступ Клінтан быў прысвечаны праблемам расізму і небяспецы прыходу да ўлады ўльтраправых сіл. У прамове яна заявіла, што ейны канкурэнт Доналд Трамп падтрымлівае палітыку Пуціна і паводзіць сябе ў адносінах да Расеі гэтак, як ніводзін прэзідэнт «ад Трумана да Рэйгана» сябе не паводзіў. Яна таксама адзначыла, што Трампа падтрымлівае вельмі правы брытанскі палітык Найджэл Фэрыдж (Nigel Farage), адзін з ідэолагаў «Брэкзіту» і часты госць на расейскім тэлебачанні.

У сваёй прамове Клінтан жорстка раскрытыкавала Трампа за яго вонкавапалітычную праграму і міграцыйную палітыку, а таксама за расісцкія метады вядзення бізнесу. Па словах Клінтан, Трамп уяўляе пагрозу для Амерыкі ў выпадку абрання прэзідэнтам.

«Фэрыдж прапаноўваў забараніць дзецям легальных мігрантаў наведваць школы і лякарні, казаў, што жанчыны, я цытую, «цэняцца менш», чым мужчыны, і падтрымліваў блакаванне законаў пра забарону расавай дыскрымінацыі на працы – вось каго Трамп хоча бачыць побач з сабой, калі звяртаецца да выбарцаў. А хросны бацька гэтага сусветнага радыкальнага нацыяналізму – расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін», – падае словы Гілары Клінтан Washingtonpost.com.

Штаб кандыдаткі на прэзідэнцтва ў ЗША раней неаднаразова абвінавачваў Доналда Трампа ў падтрыманні Уладзіміра Пуціна. У прыватнасці, падставай для такіх абвінавачванняў стаў узлом перапіскі дэмакратаў і наступнае выкладанне яе на рэсурсе «WikiLeaks». На думку прадстаўнікоў Дэмакратычнай партыі, за ўзломам стаялі расейскія хакеры, якія працавалі ў інтарэсах Трампа.

МЯ, паводле meduza.io

Глядзі таксама
Каментары