Гібрыдная авіяцыя «Ісламскай дзяржавы»


Гэтак званая «Ісламская дзяржава» у Іраку зазнае страты і губляе пазіцыі, у тым ліку, ў асноўным горадзе Масуле. Хуткі наступ іракскага войска, сярод іншага, дапамог даведацца яшчэ больш новага пра ўклад і арсеналы гэтай тэрарыстычнай арганізацыі. І свет пабачыў непрыемны факт: ісламісты сапраўды маюць сваю беспілотную авіяцыю, саматужную ды небяспечную. Што Захад можа супрацьпаставіць гібрыдным эскадрыллям і прычым тут Беларусь?

Яшчэ 10 гадоў таму беспілотны лятальны апарат – па-простаму дрон – быў сімвалам звышдзяржаваў. Сёння дроны запускаюць нават джыхадысты ў аблозе. У часткова адбітым Масуле іракскае войска знайшло не менш за 6 авіямайстэрняў, з кінутымі дэталямі і квітанцыямі на электроніку. Дроны тут кляпалі адзін за адным, каб потым наводзіць артылерыю і шахідмабілі.

Распавядае Хайдэр Фадхільбрыгадны генерал антытэрарыстычнай службы Іраку:

«Тэрарысты выкарыстоўвалі беспілотнікі для назірання за ворагам – значыць, за намі. А таксама для назірання і каардынацыі аўтамабіляў са смяротнікамі. Яны наўпрост праз радыё скіроўвалі смяротнікаў на нашыя падраздзяленні».

Новае слова ў гібрыднай вайне – ударныя беспілотнікі «Ісламскае дзяржавы»

Міні-верталёты, якімі ў нас гуляюцца дзеці, у Іраку прыцэльна скідваюць на людзей зарады ад аўтаматычных гранатамётаў. Апроч смерцяў ды раненняў, квадракоптэры нясуць моцны псіхалагічны эфект, як на полі бою, гэтак і ў інтэрнэце.

Каментуе Анджэй Гладыйэксперт у бяспецы Defence24.pl:

«Мэты гэтага відэа – паказаць нейкія новыя магчымасці, новыя баявыя сродкі, якія яны маюць, паказаць, што гэтак званая «Ісламская дзяржава» не нейкая адсталая арганізацыя, і карыстаецца тэхнічнымі навінкамі. А таксама запалохаць праціўнікаў, напрыклад, курдскія атрады, што іх могуць атакаваць з нечаканага кірунку».

Але эфект ад шахідмабіляў і тэрор-авіяцыі ўжо выдыхаецца.

«Поспех ва ўжыванні гэтых інструментаў складаўся значна ў тым, што арміі не былі да іх падрыхтаваныя, то бок у эфекце нечаканасці», – кажа Юрый Царык, супрацоўнік Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў

Наколькі гатовы Захад да беспілотных атакаў?

А што ж на Захадзе? Наколькі тут гатовыя да беспілотных атакаў? 4 гады таму ў Дрэздэне актывіст Пірацкай партыі пасадзіў беспілотнік на сцэну, дзе выступала Ангела Мэркель з міністрамі. Усе пасмяяліся, акрамя аховы. А ў Польшчы дрон праляцеў над вайскова-транспартаваю базай каля Кракава і скінуў гэтак званую флару – авіяцыйную цеплавую пастку. Ніхто не пацярпеў.

«У спецслужбах расце зацікаўленасць супрацьдронавымі прыладамі. Мы бачым гэтую тэндэнцыю на рынку сродкаў бяспекі. Супрацьдронавых сістэмаў усё больш, яны ўсё больш эфектыўныя. Гэтыя сістэмы могуць мець розныя функцыі: ад выкрывання пагрозы да нейтралізацыі. Напрыклад, з дапамогай электрамагнітных хваляў», – гаворыць Анджэй Гладый.

Дык прычым тут Беларусь?

Узброеныя сілы Беларусі шчыльна займаюцца і стварэннем беспілотнікаў, і сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.

«Той досвед, які сёння мае гэтак званая «Ісламская дзяржава», ён, вядома, важны, але для нас больш важны досвед супрацьстаяння на тэрыторыі Украіны», – каментуе сітуацыю ў Іраку Юрый Царык.

Ува Украіне расейскія гібрыдныя сілы выкарыстоўваюць і спецыялізаваныя ваенныя беспілотнікі, і квадракоптэры з інтэрнэт-крамаў. Пакуль толькі для выведкі, навядзення і прапаганды.

Каментуе Максім Тхаржэўскі, «Альхон», расейскі ваенны адмысловец, баявік ДНР: 

«Гэта беспілотнік, які толькі што зняў пазіцыі «ўкропаў». Цяпер мы ведаем, дзе яны жывуць, дзе стаяць іхныя машыны, дзе яны накапалі сабе акопаў».

Расейскія адмыслоўцы ўжо спраўджвалі абарону Беларусі. Кажа Юрый Царык:

«У 2015 годзе здарыўся інцыдэнт на ўсходніх рубяжах Рэспублікі Беларусь у раёне Мсціслаўля, калі быў прымусова пасаджаны БПЛА, падобна, Расейскай Федэрацыі, які здзейсніў несанкцыяваны пралёт над тэрыторыяй Беларусі, хутчэй за ўсё, з выведкавымі мэтамі і заданнямі».

Паводле нашых аналітыкаў, Беларусь дастаткова добра падрыхтаваная да малой паветранай вайны. Пытанне толькі, што канкрэтна запусціць у беларускае неба патэнцыйны праціўнік.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Гэты сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет»

Іншыя тэмы праграмы:

  • Крым як краіны Балтыі, што гэта значыць?
  • Што стаіць за адстаўкай саветніка прэзідэнта ЗША?
  • У чым галоўны пасыл расейскай дэзынфармацыі ў Беларусі?
  • Чаму на сусветным форуме па бяспецы не гавораць пра Беларусь?
  • Ці дзверы ў Еўразвяз адкрытыя для Беларусі?
Стужка навінаў