Генеральная асамблея ААН у чацвер прыняла рэзалюцыю з заклікам не прызнаваць Ерусалім сталіцай Ізраілю.
У дакуменце няма наўпроставага згадвання ЗША, якія раней прынялі рашэнне лічыць Ерусалім ізраільскай сталіцай.
Супраць рэзалюцыі прагаласавалі толькі дзевяць дзяржаў – ЗША, Гватэмала, Гандурас, Ізраіль, Маршалавы выспы, Мікранезія, Науру, Палаў і Тога.
У падтрымку рэзалюцыі выказаліся 128 краінаў, у тым ліку Расея, улады якой раней крытыкавалі рашэнне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Яшчэ 35 дзяржаваў устрымаліся.
У рэзалюцыі не згадваюцца ЗША, але гаворыцца, што ўсе рашэнні па Ерусаліме павінныя быць адмененыя. У тэксце гаворыцца, што любыя рашэнні, якія датычацца статусу гораду, лічацца несапраўднымі.
Выступаючы на паседжанні Генасамблеі ААН, сталы прадстаўнік ЗША пры ААН Нікі Хэйлі выступіла з перасцярогай, заклікаўшы не падтрымліваць рэзалюцыю. Злучаныя Штаты «будуць памятаць гэты дзень», сказала яна.
«Гэта галасаванне паўплывае на стаўленне амерыканцаў да ААН і нашае стаўленне да тых краінаў, якія не паважаюць нашыя рашэнні ў ААН», – заявіла яна.
Прадстаўнік палестынскага лідара Махмуда Абаса Набіль абу-Рудэйна вітаў рашэнне ААН, назваўшы яго «перамогай Палестыны».
Згодна са статутам ААН, рашэнне Генасамблеі носіць рэкамендацыйны, сімвалічны характар і, у адрозненне ад рашэнняў Савету Бяспекі ААН, не з’яўляецца абавязковым да выканання.
6 снежня Доналд Трамп прыняў рашэнне абвясціць Ерусалім сталіцай Ізраіля. Сусветная супольнасць крытычна паставілася да гэтага. Заява амерыканскага прэзідэнта таксама прывяла да напружанасці ў палесціна-ізраільскіх адносінах: некалькі чалавек загінулі ў ходзе масавых сутыкненняў.
Глядзіце таксама:
НМ, belsat.eu, паводле BBC Russian, фотаздымак Ronen Zvulun/ Forum