Гаючая вада з малочнага заводу

photo

Некалі ваду для асвячэння на Вадохрышча бралі з бліжэйшых рэчак. Цяпер і гэты абрад выконваецца па-сучаснаму. Да царквы дванаццаці апосталаў, што ў пасёлку Чыркавічы на Светлагоршчыне, яшчэ з раніцы напярэдадні свята прыехаў малакавоз і прывёз для праваслаўных вернікаў ваду з Мядкоўскага малочнага заводу, што знаходзіцца паблізу.

Ужо пяты год запар на заводзе бяруць чыстую прафільтраваную ваду, у якую архімандрыт Аляксей з малітвамі апускае крыж.

30

На выгляд вада – як крышталь, хоць на смак адчуваецца хлорка. Прыхаджане гавораць пра лекавыя ўласцівасці набранай вады, кажуць, дастаткова выпіць глыток, і страўнік перастане балець.

4
Яшчэ з дахрысціянскіх часоў верылі ў цудадзейную моц вады, захоўваючы ў доме, як і купальскія зёлкі: яе давалі выпіць хвораму. А каб ачысціцца ад грахоў, па трэба выкупацца ў палонцы да ўзыходу сонца.

Напярэдадні Вадохрышча, царква поіць вернікаў самай моцнай вадой у годзе – багаяўленскай. За якую, аднак, даводзіцца заплаціць. Скрынку для ахвяраванняў паставілі акурат насупраць стала, навідавоку кожнага ахвотнага набраць з сабой асвячоную ваду. Увечары распачалася ўсяночная літургія, на якую прыехалі з іншых вёсак раёну ды нават з гораду.

МА, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары