Каб паехаць на Гей-гульні, не трэба быць геям або спартоўцам


Прадстаўнікі Гон-Конгу пасля аб'яўлення вынікаў галасавання Міжнароднай федэрацыі Гей-гульняў. Парыж, Францыя. 30 кастрычніка 2017 года. Фота – з «Фэйсбуку» Gay Games XI Hong Kong 2022

На гэтым тыдні стала вядома, дзе пройдзе турнір 2022 года.

На паседжанні Федэрацыі Гей-гульняў у Парыжы ў панядзелак аб’явілі гаспадара Гей-гульняў 2022 года. Ім стаў Гон-Конг, чыя прапанова пабіла заяўкі Вашынгтону і Мехіка.

Чальцы аргкамітэту называюць рашэнне федэрацыі «перамогай» у наданні Гон-Конгу статусу прыязнага гораду для асяроддзя ЛГБТ».

«Гэта будзе фестываль разнастайнасцяў, мы будзем вітаць кожнага, – кажа чалец камітэту гульняў у Гон-Конгу Дэніс Філіпс (Dennis Phillipse). – Гэта будзе цудоўная магчымасць для тых, хто баіцца зрабіць крок з цемры ў бок святла. Праз спорт можна будзе знайсці новых сяброў. Гэта добрая магчымасць наладзіць новыя сувязі ды заставацца сабой».

Жыхар Гон-Конгу Кэм Фунг, кажа, што горад – пераважана талерантны.

«Канешне, тут хапае кансерватараў, але сярод маіх сяброў мноства геяў і лесбіянак – у нас няма канфліктаў», – кажа юнак.

Арганізатары разлічваюць, што імпрэзу наведае больш за 15 тысячаў удзельнікаў, а бюджэт адмысловага адміністрацыйнага раёну Кітаю атрымае ў выніку каля $ 128 млн.

Гей-гульні – міжнародныя спартовыя спаборніцтвы, падчас якіх ладзіцца шэраг культурніцкіх імпрэзаў. У гульнях удзел можа ўзяць кожны – не абавязкова гей або спартовец. Мэта турніру – пашырэнне ўзаемнай павагі, талерантнасці і пашаны да роўных правоў.

Эдзі Ленж (Eddie Leung), адзін з удзельнікаў былых гульняў, узрушаны гэтым рашэннем.

«Гэта вялікі крок для Гон-Конгу, асабліва для мясцовага асяроддзя ЛГБТ», – кажа Ленж.

Першыя Гей-гульні прайшлі ў 1982-м у Сан-Францыска і з тае пары ладзяцца кожныя чатыры гады – гэтаксама як і Алімпійскія. Першапачаткова імпрэза нават называлася Гей-Алімпіядай, але Міжнародны алімпійскі камітэт змусіў арганізатараў ГГ праз суд змяніць назву спаборніцтваў.

ДД

Глядзі таксама
Каментары