Адпаведная заява была апублікаваная сёння на сайце палітычнай кампаніі.
«Гавары праўду» выступае супраць таго, каб нашы вайскоўцы ў любым статусе бралі ўдзел у ваенных аперацыях за межамі Рэспублікі Беларусь. Гэта супярэчыць нацыянальным інтарэсам нашай краіны. Нейтральны статус Беларусі ў дачыненні канфліктаў дазваляе развіваць Менск як пляцоўку для мірных перамоваў, умацоўваючы міжнародную ролю Беларусі ў рэгіёне, забяспечваючы нашым грамадзянам мір і гарантыі бяспекі», – гаворыцца ў заяве.
Кампанія заклікае кіраўніка краіны,«урад і парламент адмовіцца ад любога фармату ўдзелу Беларусі ў вайсковым канфлікце ў Сірыі, а таксама ў іншых канфліктах і захоўваць нейтралітэт, спрыяючы мірнаму, дыпламатычнаму вырашэнню канфліктаў».
Лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў падкрэсліў, што такая пазіцыя цалкам супадае з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі і не супярэчыць дамоўленасцям з Расеяй.
Нагадаем, 5 ліпеня кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах па Сірыі ў Астане Аляксандр Лаўрэнцьеў Расея звярнуўся да краін СНД, у тым ліку да Беларусі, з пытаннем аб магчымасці накіравання кантынгенту ў Сірыю для сумеснага маніторынгу ў зонах дээскалацыі.
Пазней у МЗС Беларусі паведамілі, што пакуль не атрымлівалі афіцыйнай прапановы накіраваць беларускіх ваенных назіральнікаў у Сірыю.
КА, belsat.eu