Кіраўнік МЗС Латвіі: падчас вучэнняў «Захад-2017» могуць быць правакацыі


Эдгар Рынкевіч. Фота: http://rus.delfi.lv

Эдгар Рынкевіч, галава міністэрства замежных справаў Латвіі заявіў, што Латвія павінна быць гатовая да магчымых правакацыяў падчас беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў «Захад-2017». Правакацыі могуць выглядаць як выпадковыя здарэнні, паведамляе партал навінаў DELFI ўЛатвіі.

Наўпроставай пагрозы для Латвіі вучэнні «Захад-2017» не нясуць, па словах Эдгара Рынкевіча. І наўрад ці існуе нейкі намер прамога ваеннага канфлікту, бо ў Латвіі зараз знаходзіцца кантынгент НАТА. Але латвійскі міністр замежных справаў заўважыў, што, верагодна, будуць спробы разведаць стан сістэмы абароны. Напрыклад, расейскія самалёты могуць «выпадкова» заляцець у паветраную прастору Латвіі.

Раней міністэрства абароны Латвіі атрымала запрашэнне ад Беларусі для двух вайсковых назіральнікаў на вучэнні «Захад-2017».

Амбасадар НАТА ў Латвіі Індуліс Берзніш паведаміў, што ў НАТА няма інфармацыі, што рыхтуецца нешта страшнае.

«Падобныя вучэнні могуць быць выкарыстаныя дзеля канцэнтрацыі сілаў на мяжы: ідуць вучэнні, а прывозіцца рэальнае войска, якому ў канцы манеўраў ставіцца рэальная задача, то бок адбываецца скрытая перадыслакацыя войскаў для нападу. Я чуў, што нават прадстаўнікі Беларусі хвалююцца наконт гэтых вучэнняў: расейцы прыедуць, а колькі іх зʼедзе назад? Але менавіта зараз у НАТА няма ніякай інфармацыі, што нешта страшнае можа адбыцца. Тым больш, што Беларусь, а потым і Расея запрасілі нашых назіральнікаў. Мы гэта толькі вітаем – гэта падвышае давер», – сказаў Індуліс Берзніш у інтэрвью DELFI.

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары