Гадавіна тэракту на Дуброўцы ў Маскве. «Тэатр смерці» на «Белсаце»


У 12-ую гадавіну захопу амаль тысячы закладнікаў у Доме культуры ў Маскве «Белсат» пакажа дакументальны фільм «Норд-Ост. Тэатр смерці».

Вечарам 23 кастрычніка 2002 года ў Доме культуры «Маскоўскі падшыпнік» у Маскве паказвалі мюзікл «Норд-Ост». У будынку знаходзіліся 922 чалавекі. Мюзікл перарвалі тэрарысты з Чачэніі, якія ўнеслі ў Дом культуры карабіны, гранаты і бомбы ўласнага вырабу. Сярод тэрарыстаў былі кабеты, гэтак званыя «чорныя ўдовы», якія мелі пад вопраткай выбухоўку ды селі сярод гледачоў. Нападнікі прыгразілі, што ў выпадку штурму падарвуць сябе разам з іншымі. Тэрарысты патрабавалі прыпыніць вайну ў Чачэніі ды вывесці адтуль расейскія войскі, даўшы ўладам РФ тыдзень на роздумы. Пасля гэтага часу тэрарысты мелі паступова забіваць закладнікаў.

26 кастрычніка расейскія аддзелы спецыяльнага прызначэння «Альфа» і «Вымпел» распачалі штурм Дому культуры. Перад уварваннем сілавікі запусцілі ў будынак газ, ад якога паснулі і закладнікі, і тэрарысты. Пазней спецназаўцы стрэламі ў галовы расстралялі 40 тэрарыстаў, сярод якіх былі і жанчыны з выбухоўкай. Падчас аперацыі памерлі 133 закладнікі, якія атруціліся газам. Грамадская арганізацыя «Норд-Ост» кажа пра 174 загінулыя асобы. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін назваў выратавальную акцыю паспяховай.

Фільм «Норд-Ост. Тэатр смерці» польскага рэжысёра Марыюша Мальца знітаваны з успамінаў закладнікаў, актораў і гледачоў мюзіклу ды іхных блізкіх, у ім выкарыстаныя таксама рэдкія здымкі расейскіх спецслужбаў.

Фільм «Норд-Ост. Тэатр смерці» глядзіце на „Белсаце” 23 кастрычніка а 23:00 у онлайнавай трансляцыі на нашым сайце і па спадарожніку.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў