Форт Пуціна ў Беларусі супраць форту Трампа ў Польшчы


Магчымае размяшчэнне амерыканскай вайсковай базы ў Польшчы ўжо другі тыдзень не дае спакою нашым усходнім суседзям. У Крамлі пагражаюць сіметрычным або і асіметрычным адказам. Што гэта будзе за адказ і як эскалацыя супрацьстаяння Захаду і Расеі паўплывае на нашую краіну?

Не паспелі прэзідэнты Польшчы і Злучаных Штатаў дамовіцца хоць пра нейкія канкрэтныя дэталі датычна гэтак званага форту Трампа, як у Крамлі загрымела. Намеснік кіраўніка мясцовай дыпламатыі Аляксандр Грушко нагадаў пра дамову паміж Паўночнаатлантычным альянсам і Расеяй, якая, на меркаванне Масквы, проста не дазваляе такіх дзеянняў.

«Дамова Расея – NATO будзе цалкам знішчаная пасля размяшчэння базы ЗША ў Польшчы. Гэта першае. І агулам гэтая база будзе пагрозай для Расейскай Федэрацыі і яе ваенная моц будзе праектавацца на нашую мяжу», – лічыць Андрэй Кошкін з асацыяцыі вайсковых палітолагаў (Масква).

Пакуль невядома, дзе паўстане амерыканскі вайсковы цэнтр, аднак кіраўнік канцылярыі польскага прэм’ера Міхал Дворчык падзяліўся спадзевам Варшавы пра тое, што форт Трампа паўстане на паўночным усходзе Польшчы. Прыкладна паміж Гарадзеншчынай і Калінінградам. Такім чынам амерыканская база стала б пасярод гэтак званага сувальскага калідору. І зусім не абавязкова, што парушыць дамову Альянсу з Расеяй.

«Гэта двухбаковая дамоўленасць ЗША і Польшчы і не датычыць палітычнай надбудовы NATO – гэта рашэнне суверэнных дзяржаваў. Гэтак жа, як і быўшы ў складзе АДКБ, Расея распачынае аперацыю ў Сірыі, але іншыя ўдзельнікі арганізацыі ніякіх абавязкаў не маюць», – тлумачыць вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Але гэтак жа і Расея можа выкарыстаць свайго хаўрусніка – у межах двухбаковай дамовы. Ужо цяпер у Маскве заяўляюць, што адказ непазбежны.

«Гэта ўсё будзе патрабаваць змянення вайскова-тэхнічнай будовы ў Расейскай Федэрацыі і ў Беларусі. І натуральна, што будуць прынятыя сіметрычныя або асіметрычныя захады, якія б нейтралізавалі такую пагрозу з боку Польшчы», – працягвае маскоўскі эксперт Андрэй Кошкін.

Нельга выключаць, што размова пра такі адказ ужо вялася і ў Сочы, і ў Душанбэ, дзе Лукашэнка і Пуцін меліся падсумаваць вынікі сустрэчы тыднёвай даўніны. Бо да гэтага не было вядома практычна нічога.

«Лукашэнка, дарэчы, абмовіўся: маўляў, мы там і пра Украіну размаўлялі. А праз дзень ці два кажа, што трэба ўмацаваць мяжу з Украінай. Гэта сімптомы таго, што Масква можа даціскаць і па ўкраінскім пытанні, і ў пытанні размяшчэння базы, пагатоў ёсць зачэпка: у Польшчы будзе размешчаная амерыканская база, і Масква ж заўжды мысліць у духу, як даць адказ Чэмбэрлену», – кажа кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» Аляксандр Класкоўскі.

І тут ужо ёсць варыянты. Улічваючы, што тая база паўстане не заўтра і не паслязаўтра, не абавязкова, што расейскія самалёты і танкі гэтак хутка рушаць «бараніць» заходнія межы Саюзнай дзяржавы.

«Гэта можа быць эскалацыя звязаная з прасоўваннем наперад расейскай вайсковай інфраструктуры ў адказ, але гэта можа быць проста вербальная, прапагадысцкая эскалацыя, якая будзе звязаная з тым, каб яшчэ больш падняць градус мілітарысцкай істэрыі ў Расеі», – мяркуе кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў.

Але за гэтым, мяркуюць адмыслоўцы, дакладна Расея зробіць наступны крок.

Андрэй Кошкін з Масквы лічыць, што, «зыходзячы з такой дынамікі фармавання пагрозы для Расеі і Беларусі, натуральна, будзе задзеяны той ці іншы план. І не выключаны варыянт, калі ў Беларусі будзе размешчаная база па пагадненні прэзідэнтаў дзвюх краінаў».

Нашыя эксперты не бачаць ніякай нават тэарэтычнай карысці для нашай краіны ад эскалацыі напружання ля нашых межаў. Ніхто не сумняецца, што сёння ні ў Крамля, ні ў Вашынгтону, ні ў якой заўгодна сталіцы краіны Паўночнаатлантычнага альянсу няма імкнення да канфлікту ў Еўропе. Але чым больш стрэльбаў на адной сцяне, тым большыя шанцы, што адна з іх усё ж такі стрэліць.

«Захад настолькі напалоханы расейскаю пагрозаю, што размяшчэнне базы расейскай на тэрыторыі Беларусі карэнным чынам ускладніць дачыненні Беларусі з Захадам. Ну і, вядома, з бліжэйшымі суседзямі, якія як чорт ладану баяцца Расеі», – адзначае Аляксандр Алесін.

Такая рэзкая рэакцыя Крамля на такія папярэднія дамоўленасці Вашынгтону і Варшавы тлумачыцца проста. У Маскве ўпэўненыя, што форт Трампа з’явіцца.

«Іхны вайсковы бюджэт у значнай ступені нагружаны ўласна ўтрыманнем замежных ваенных базаў. І яшчэ адна база – неразвязальнае пытанне. Вось чаму ўнікальнасць прапановы Польшчы – у тым, што яны прапаноўваюць свае грошы, пры тым не малыя – паўтара ці два мільярды долараў або і больш», – падсумоўвае Андрэй Кошкін.

Беларусі наўрад ці давядзецца плаціць за расейскую базу грашыма, нават наадварот: Менск дакладна зможа атрымаць дадатковае фінансавае ці сыравіннае падтрыманне ад Масквы. Іншая справа, што па выніку Беларусь можа заплаціць сваёй незалежнасцю – тое, што не ацаніць мільярдамі долараў.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою:

Глядзі таксама
Каментары