«Financial Times»: Расейская мова выходзіць з ужытку на постсавецкай прасторы, за выключэннем Беларусі


За апошнія 20 гадоў расейская мова хутчэй іншых страчвае свае пазіцыі ў свеце, выходзячы з ужытку ў былых саюзных рэспубліках, якія імкнуцца замацаваць свой лінгвістычны суверэнітэт і дыстанцыявацца ад расейскага ўплыву, піша карэспандэнт газеты Financial Times Стыў Джонсан.

На думку калумніста, гэтая тэндэнцыя падкрэслівае падзенне ўплыву Масквы ў той час, як Уладзімір Пуцін спрабуе адрадзіць прэстыж былой супердзяржавы на сусветнай арэне шляхам вайсковага ўмяшання ўва Украіне і Сірыі.

У якасці доказу Джонсан прыводзіць працэс, які адбываецца ў Казахстане, дзе ў 2016 годзе на расейскай удома размаўлялі толькі 20,7% жыхароў, у той час як у 1994 годзе 33,7% (статыстыка ААН).

Колькасць тых, хто называе расейскую мову асноўнай скарацілася ў Эстоніі і Латвіі (з 1994 года на 10%), падобная сітуацыя і ўва Украіне, Азербайджане, Літве, Туркменістане, Узбекістане ды Грузіі. Там пасля вайны з Расеяй у 2008 годзе колькасць рускамоўных грамадзянаў знізілася да 1,1%.

І толькі адна краіна, піша Джонсан, выбіваецца з агульнага шэрагу.

«Гэта Беларусь, дзе ў 1994 годзе толькі крыху больш за палову насельніцтва называла расейскую мову роднай, а ў 2016 годзе такіх было ўжо 71%. Заслуга належыць Аляксандру Лукашэнку, які праз год пасля прыходу да ўлады ў антызаходнім парыве правёў рэферэндум і зрабіў расейскую мову другой дзяржаўнай».

ДР belsat.eu паводле bbc.com

Стужка навінаў