Фільм пра ўнікальны прытулак для знямоглых у Беларусі пакажуць на «Арт-сядзібе»


Паказ адбудзецца 18 красавіка а 19-й гадзіне ў «Арт-сядзібе» па адрасе Менск, пр-т Незалежнасці, 58, пакой 430. Таксама чакайце прэм’еру стужкі ў эфіры «Белсату» у суботу а 20:00. Пасля паказу Вы зможаце задаць пытанні стваральнікам фільма і людзям, якія дапамагаюць прытулку існаваць.

Дакументальны фільм «Госці» зняў для тэлеканала «Белсат» рэжысёр Андрэй Куціла, удзельнік і прызёр шматлікіх міжнародных кінафестываляў.

Стужка будуецца на ўважлівым і працяглым назіранні за жыццём унікальнага паселішча ў Беларусі – першага і, бадай, адзінага нефармальнага прытулку для бедных і знямоглых людзей.

Гэты фільм – не проста расповед пра праблемы існавання дабрачынных ініцыятыў у нашай дзяржаве, але і экзістэнцыйнае падарожжа ў іншы, не заўсёды заўважны, часам непрыемны свет людзей.

Галоўны герой фільма Аляксей Шчадроў калісьці працаваў фельчарам у «Хуткай дапамозе». Па выкліках часта даводзілася забіраць на вуліцах бяздомных людзей, але праз некалькі кіламетраў брыгада зноў выкідала іх на вуліцу. Трапіўшы за краты, Аляксей сам аказаўся нікому не патрэбны. Турма перавярнула светапогляд былога фельчара. Яго ідэалам стала маці Тэрэза – увасабленне хрысціянскага ўзору трываласці, міласэрнасці ды любові да адрынутых. Па вызваленні Аляксей некалькі гадоў бадзяўся і жыў пры касцёлах.

Пасля пасяліўся ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну, дзе зарганізаваў незвычайны прытулак, стаў прымаць і даглядаць бедных, хворых, бяздомных людзей, дапамагаць ім аднавіць дакументы і вярнуцца да нармальнага ладу жыцця. Неўзабаве неабыякавыя беларусы пачалі дапамагаць прыстанку ежай, адзеннем ды іншым. Але мясцовым уладам ініцыятыва Аляксея прыйшлася недаспадобы. З самага заснавання і цягам трох гадоў складанага існавання чыноўнікі прымушалі былога фельчара зачыніць прытулак. У пошуках ахвяраванняў і духоўнага падтрымання Аляксей выправіўся ў Італію…

Стужка навінаў