Фермер з-пад Маларыты распачаў галадоўку супраць гвалту і прыніжэнняў у берасцейскім СІЗА

video

У сценах следчага ізалятару № 7 у Берасці можа памерці чалавек. Больш за два тыдні таму Мікалай Бяльчук абвесціў бестэрміновую сухую галадоўку. Радыкальная захада сталася пратэстам супраць ґвалту і прыніжэнняў, якія, са словаў арыштаванага, ён зазнаў ад міліцыянтаў і працаўнікоў СІЗА. Праўда, гісторыю фермера з-пад Маларыты старанна хаваюць.

«Учора прыязджала са шпіталя хуткая дапамога. Сказалі, што ўсё ў парадку», – распавядае бацька арыштаванага Іван Бельчук.

Ці можа быць усё парадку з чалавекам, які шмат дзён адмаўляецца ад ежы і вады? Кіраўніцтва СІЗА ацэньвае стан Мікалая Бельчука як дапушчальны. А гэта значыць, што трапіць пад адмысловы дагляд лекараў у шпіталь арыштаваны шанцаў пакуль не мае.

«Стан мусіць быць сярэдняй цяжкасці або цяжкі. Калі ён ужо не будзе даступны да кантакту», – кажа начальнік медычнай службы СІЗА Аляксандр Кандратаў.

З-за кратаў Мікалай Бяльчук напісаў да сваякоў ліст, які не можа не насцярожваць.

«Магчыма пішу вам апошні ліст. Прабачце мяне за гэты ўчынак. Нехта мусіць гэта зрабіць, затрымаць гэтую сваволю людзей у пагонах», – напісаў ён у лісце.

З ліста таксама вядома пра новыя здзекі ў сценах СІЗА.

«Ён страціў прытомнасць. Яго палівалі вадой», – распавядае сваяк арыштаванага Дзмітрый.

Драматычная гісторыя фермера з вёскі Страдзеч, што на Берасцейшчыне, пачалася ўвесну 2014 года.

Тады да Мікалая Бельчука прыйшла міліцыя, каб сканфіскаваць самаробны трактар. Са словаў працаўніка ДАІ, транспартны сродак рухаўся па дарозе агульнага карыстання без неабходнай рэгістрацыі. Гэтыя звесткі зняпраўдзіў гаспадар ды адмовіўся аддаваць тэхніку. На падмогу фермеру прыйшлі аднавяскоўцы. Пачалася спрэчка. Са словаў працаўніка ДАІ, супраць яго быў ужыты ґвалт. Сведчанні міліцыянта Бяльчук аспрэчыў. Аднак на яго завялі крымінальную справу і абвесцілі ў вышук.

Гісторыя атрымала нечаканы працяг у першай палове кастрычніка. Раніцою з лесу ў вёсцы Страдзеч выйшлі шасцёра незнаёмых людзей, апранутыя ў чорнае. Пры (й)іх не было ніякіх апазнавальных знакаў. Без тлумачэнняў Бельчуку заламалі рукі ды выцягнулі на двор.

«Я крычу: Кольку забіраюць! Не ведаю хто гэта! Пэўна бандыты!», – распавядае бацька арыштаванага Іван Бельчук.

Жыхары вёскі пераследавалі за нападнікамі. Хутка ўдалося дагнаць аўта – таксама без апазнавальных знакаў. Людзі спрабавалі затрымаць невядомых. У адказ прагучалі стрэлы. Адзін са сваякоў Мікалая ледзь не загінуў.

«Выцягнуў пісталет і яму ў галаву. Паклаў яго. Прыбегла жанчына і пачала крычаць: што адбываецца? Яе схапілі за горла і скруцілі рукі», – распавядае сведка падзеяў.

Сур’езнае раненне атрымаў брат Мікалая Бельчука. Цяпер Аляксандр – таксама фігурант крымінальнай справы, за супраціў. Як выявілася, невядомыя ў чорным – гэта міліцыянты пры выкананні службовых абавязкаў.

Мікалай Бяльчук заяўвіў, што спыніць галадоўку толькі пасля сустрэчы з журналістамі і праваабаронцамі. Суд над фермерам з-пад Маларыты прызначаны на канец лістапада.

Ян Бабіцкі belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары