Адмыслоўцы амерыканскага федэральнага бюро расследаванняў працуюць на месцы забойства Паўла Шарамета. Ці знойдуць яны там тое, што прапусцілі ўкраінскія праваахоўнікі?
Паводле былога кіраўніка аператыўнай секцыі ў справе тэрактаў варшаўскай паліцыі Анджэя Мрочка, ФБР валодае непараўнальна больш магутнымі інфармацыйнымі рэсурсамі
«ФБР валодае вельмі шырокімі магчымасцямі аналізу тэлефонных размоваў і руху ў сеціве. Гэта можа дапамагчы. Але, калі, як мы бачылі, няправільна былі забяспечаныя сляды пасля выбуху, або іх увогуле не выявілі. У такой сітуацыі любой паліцыі будзе цяжка весці следства, ці паслявыбуховы аналіз», – кажа былы кіраўнік аператыўнай секцыі ў справах тэрактаў (Варшава) Анджэй Мрочэк.
Паводле былога антытэрарыста, падазронага выгляду асоба на скрыжаванні, дзе загінуў Павал Шарамет, – гэта той жа мужчына, што і на відэа з закладаннем выбухоўкі ў ягонае аўта. Польскі эксперт упэўнены – ува ўкраінскай паліцыі ня мае быць праблемаў, з тым, каб знайсці асобаў на відэа з камераў назірання.
«На падставе гэтых характарыстычных рысаў – паходкі той жанчыны, ейнай фігуры і характарнага кроку таго мужчыны можна акрэсліць пэўнае кола асобаў, каторыя павінныя быць улічаныя ў аператыўных дзеяннях», – працягвае Анджэй Мрочэк.
Тэма забойства беларускага журналіста застаецца вядучай ува ўкраінскай медыяпрасторы. Адным з апошніх з Паўлам Шараметам сустракаўся камандзір выведкі палку «Азоў». Асоба Сяргея Кароткіх, па мянушцы «Малюта», цікавая і тым, што ён таксама прыехаў з Беларусі, калісьці сябраваў з кіраўніком беларускага РНЕ Глебам Самойлавым, а таксама са спецназаўцам Валерыем Ігнатовічам, асуджаным пажыццёва за выкраданне аператара Змітра Завадскага. У эфіры ўкраінскага ток-шоў Шустэр LIVE Кароткіх распавёў, што ўвечары напярэдадні забойства прасіў дапамогі Шарамета ў асвятленні дзейнасці «Азоў»а.
«Гэта было напярэдадні мерапрыемства шахцёраў і »Азова«. Шахцёры патрабавалі заробкаў, якіх ім не плоцяць ужо паўгода і Паша абяцаў дапамагчы ў асвятленні гэтае падзеі. Ён ехаў на наўпроставы эфір, з якога меўся рабіць уключэнні і інтэрвʼю з шахцёрамі», – распавядае Сяргей Кароткіх.
Гэтага інтэрвʼю, як і шмат якіх іншых Павал Шарамет не паспеў зрабіць. На гэты момант галоўнаю версіяй следства застаецца помста за прафесійную дзейнасць журналіста, які ніколі не вагаўся казаць самую жорсткую праўду наўпрост у вочы.