Еўрадэпутат пра адмену візаў: Гэта трук, каб палепшыць імідж дыктатара

video

Пацяпленне працягваецца – грамадзянам 80-ці краінаў свету і ўсяго Еўразвязу не патрэбная віза для наведання нашае краіны. Менск наважыўся зрабіць чарговы крок да спрашчэння візавага рэжыму з Бруселем – да гэтага было ўвядзенне бязвізавай зоны на Гарадзеншчыне. Ці атрымаюць беларусы такія палёгкі ды ці можна ўвогуле казаць, што цяпер чарга Еўразвязу прыадкрыцца беларусам?

Увогуле гэта добрая навіна як для замежнікаў, гэтак і для айчынных турыстычных фірмаў. Міністэрства спорту і турызму пасля хаця і ўмоўнай ды абмежаванай часова адмены візаў чакае цэлае хвалі турыстаў – на 20 % большай, чымся цяпер. Праўда, самыя турагенты больш асцярожныя ў сваім аптымізме.

«Нельга сказаць, каб нашая краіна была шырока вядомая ў свеце, каб усе ляцелі і ехалі ў нашую краіну, мы б хацелі гэтага. Але тое яшчэ патрабуе большых намаганняў па прасоўванні Беларусі і павелічэнні магчымасцяў краіны па прыёму замежных турыстаў», – кажа дырэктар Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацыяў Валянцін Цэхмэйстэр.

Ці чакаць далейшага паслаблення візавага рэжыму

Магчымасці ж замежных турыстаў сёння выглядаюць з аднаго боку даволі абмежаванымі, калі параўноўваць з рэштаю краінаў рэгіёну, а з другога – куды лепшымі, чым яшчэ летась. Гэтак, праз шэраг памежных пунктаў без візы, але з набытаю турыстычнаю пуцёўкай, страхоўкай, дзейным пашпартам і грашыма на ўсе пяць дзён бязвізавага перабывання замежнікі могуць наведваць частку Гарадзеншчыны. Замяніць пуцёўку на квіток на лятак да менскага лётнішча – і замежнік атрымае пяць дзён на наведанне без візы ўсёй Беларусі. Што далей? Менск пойдзе на новыя візавыя саступкі ці цяпер, як кажуць, мяч на баку Захаду?

Вось што на гэты конт думае дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Зараз ідзе працэс перамоваў наконт спрашчэння візавага рэжыму, і гэта крок, які папярэднічае магчымым толькі перамовам пра лібералізацыю і адмену візаў з ЕЗ. І зараз асноўнае – гэта падпісанне гэтай дамовы і дамовы пра рэадмісію – пра магчымых уцекачоў, што з тэрыторыі Беларусі трапляюць у Еўразвяз».

Перамовы, прынамсі афіцыйна, вядуцца ўжо больш за год – з самага пачатку чарговага пацяплення дачыненняў з Еўразвязам. А першую прапанову ў спрашчэнні візавага рэжыму з Бруселем зрабіў Менск яшчэ на пачатку стагоддзя. Аднак тады Еўразвяз назваў такі крок немагчымым праз антыдэмакратычную сутнасць рэжыму Беларусі. Як Еўропа можа выкарыстаць гэтае пацяпленне?

«Я думаю, што туды маюць прыехаць маладзёны, проста каб былі кантакты паміж студэнтамі. Гэта самае істотнае. Можна зрабіць нават тое, што камуністы называлі ідэалагічнаю дыверсіяй: калі будуць прыязджаць маладзёны з Еўропы, яны будуць расплюшчваць сваім маладым калегам вочы», – мяркуе віцэ-старшыня Падкамітэту бяспекі і абароны, еўрадэпутат Ярамір Шцеціна.

Глядзіце таксама:

А спрашчэнне візавага рэжыму – гаворка вядзецца прынамсі пра бясплатныя візы ў краіны Еўрапейскага Звязу – нібыта расплюшчыць вочы беларусам на тое, як жывуць хоць бы суседнія краіны. Дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі да такіх спадзяванняў ставіцца крытычна.

«Гэтая сітуацыя са спрашчэннем візавага рэжыму – яна не нясе ніякай пагрозы для беларускіх уладаў. І так вельмі вялікая колькасць беларусаў атрымоўвае і доўгатэрміновыя візы ў Еўрапейскі звяз і плоцяць тыя 60 еўраў», – заўважае Андрэй Ягораў.

Што перашкаджае дамовіцца Менску ды Бруселю

Беларусы ўжо атрымоўваюць найбольш шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва – амаль мільён штогод, не зважаючы на тое, мы – адзіныя ўва ўсёй Усходняй Еўропе, хто плоціць за іх 60 еўраў. Перашкаджаюць у спрашчэнні працэдуры выдавання візаў дзве праблемы. Неадпаведнасць беларускіх службовых і дыпламатычных пашпартоў біяметрычным стандартам Еўразвязу і дамова пра рэадмісію. Згодна з апошняй, Менск меўся б прымаць назад нелегалаў, якія траплялі б у Еўразвяз з нашае тэрыторыі. Беларусь просіць пра адтэрмінаванне такой дамовы, як тое было ў выпадку з Украінаю. Брусель – супраць.

«Яны настойваюць на выкананні фармальных правілаў і не жадаюць ісці нават на мінімальныя саступкі ў нашым выпадку. Таму я б разглядаў вось гэта як палітычную валтузню, без адсутнасці нейкіх рэальных прычынаў для падпісання гэтае дамовы», – адзначае Андрэй Ягораў.

Ці рэч сапраўды ў гэтым, ці ў адсутнасці прагрэсу ў дэмакратызацыі? Менск ужо не аднойчы паказаў сябе не вартым даверу партнёраў.

«Я не чакаю ад Лукашэнкі, што тое працягнецца доўга. Пакуль яму будзе патрэбная Еўропа – ён будзе гуляць гэтую гульню. Шчыра кажучы, я яму не веру, я не веру, што гэта пачатак поўнай візавай лібералізацыі – гэта трук, каб проста палепшыць імідж самога дыктатара», – заяўляе Ярамір Шцеціна.

А з такім стаўленнем не тое што бязвізавага рэжыму – за які ўжо трэці год змагаецца Украіна – а нават прасцейшай візавай працэдуры беларусы могуць чакаць яшчэ вельмі доўга. Бо Еўразвязу патрэбны больш выразны крок, чымся прачыненыя дзверы Менскага лётнішча. Магчыма нават, не візавы, а палітычны – кшталту вольных выбараў, ці прыпынення ціску на апанентаў уладаў.

Сюжэт выйшаў у эфіры праграмы «Прасвет». Прапануем вашай увазе яе апошняе выданне цалкам:

Глядзі таксама
Каментары