Эрдаган папрасіў прабачэння ў Пуціна за збіты Су-24


Прэзідэнт Турцыі, фота ajanshaber.com

Кіраўнік Турцыі напісаў у лісце да расейскага прэзідэнта, што ў яго краіны «ніколі не было жадання і свядомага намеру збіць самалёт, які належыць Расескай Федэрацыі».

У сувязі з гэтым Эрдаган хоча аднавіць адносіны з Расеяй і заклікае Пуціна працаваць над гэтым, паведамляе сайт Крамля.

Крыніцы турэцкага выдання Hurriyet пацвердзілі, што Эрдаган адправіў Пуціну ліст.

Расейскі Су-24 збілі 24 лістапада 2015 года. Туркі настойвалі, што самалёт парушыў іх паветраную прастору; у Расеі гэта адмаўлялі. Пілот Алег Пешкоў загінуў пасля таго, як катапультаваўся; яго забілі агнём з зямлі. Другі пілот выжыў.

Расея з-за збітага самалёта ўвяла супраць Турцыі санкцыі: абавязала грамадзянаў Турцыі атрымліваць візы ў Расею, а таксама ўвяла абмежаванні на імпарт тавараў.

У лістападзе 2015 года прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін казаў, што для аднаўлення нармальных адносінаў з Турцыяй тая павінна папрасіць прабачэння на вышэйшым узроўні, пакрыць шкоду, а таксама паабяцаць пакараць вінаватых.

ДР belsat.eu паводле meduza.io

Глядзі таксама
Каментары