Еўразвяз можа даць грошы беларускім фізікам, хімікам, біёлагам ды гісторыкам


Наша краіна мае шанцы атрымаць ад Еўразвязу грошы на навуку, лічыць кіраўнік Польскай акадэміі навук (ПАН) Міхал Кляйбэр (Michał Kleiber).

Пра гэта Міхал Кляйбэр заявіў падчас візіту ў Менск на запрашэнне кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі. Госць наведаў Інстытут біяарганічнай хіміі, дзяржаўнае фармацэўтычнае прадпрыемства «Акадэмфарм», Інстытут мікрабіялогіі, Інстытут фізікі ды і іншыя акадэмічныя ўстановы.

Кіраўнік прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў зазначыў, што структуры беларускай і польскай акадэміяў шмат у чым супадаюць. У іх прыкладна аднолькавая колькасць навуковых арганізацыяў і вучоных. Паводле яго слоў, сёння галоўныя навуковыя ведамствы Беларусі і Польшчы звязвае каля 70 сумесных праектаў у галіне гуманітарных навук, біялогіі, машынабудавання і іншых кірунках.

Міхал Кляйбэр, у сваю чаргу, заявіў, што супрацу трэба пашыраць: «Упэўнены, што вашы вучоныя шмат могуць прапанаваць як Еўрапейскаму саюзу, так і свету ў цэлым у плане развіцця навуковай сферы». Ён адзначыў, што для Беларусі цесная супраца з галоўным польскім навуковым ведамствам можа быць цікавым, таму што Польшча як чалец Еўразвязу мае доступ да навуковых даследаванняў еўрапейскага ўзроўню. Краіны ж, якія звязаны з Польскай акадэміяй навук, у сваю чаргу «таксама атрымліваюць доступ да еўрапейскага навуковага складніка ды сродкаў фінансавання па лініі ЕЗ».

Вялікі ўплыў на супрацу маюць таксама агульная гісторыя і культурная спадчына, сказаў кіраўнік ПАН.

БелаПАН

Стужка навінаў