Эксперымент Вінаградава: Прыйшоў у суд з рэчамі, але атрымаў штраф


Актывіста «Zмены» Паўла Вінаградава пакаралі штрафам за акцыю супроць новых падаткаў.

Судзіла Паўла Вінаградава суддзя Таццяна Матыль, якой актывіст адразу заявіў пра недавер, матывуючы гэта тым, што суддзя неаднаразова выносіла несправядлівыя, на яго думку, прысуды актывістам апазіцыі. Адвод на свой адрас Таццяна Матыль адхіліла і зачытала пратакол, які склалі на Паўла Вінаградава міліцыянты з Маскоўскага РУУС. «Вы супроць падаткаў? Якіх?» – запытала суддзя ў актывіста «Zмены».

«Вядома, я не супраць падаткаў у прынцыпе. Але апошнім часам зʼявілася шмат падаткаў, якія проста рабуюць людзей. А тут яшчэ абвяшчаюць пра новыя паборы. Вось намераны падвысіць падатак за ўтылізацыю з аўтамабілістаў. Магу назваць і іншыя», – адказаў Павел Вінаградаў. Таксама актывіст быў нязгодны з інкрымінаваным яму артыкулам аб правядзенні несанкцыянаванага пікету.

«Які гэта пікет? Пікет – гэта нешта стацыянарнае. А мы прынеслі труну з надпісам, я таксама прынёс плакат, і паклалі на ганку падатковай. Паставілі ўсё і сышлі. Гэта быў такі перформанс, інсталяцыя», – даводзіў актывіст.

Павел Вінаградаў быў бы згодны, каб яго судзілі паводле іншага артыкула – за парушэнне добраўпарадкавання.

У выніку суд прызнаў Паўла Вінаградава вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага пікету і прысудзіў штраф памерам 30 базавых велічынь (Br 6,3 млн). Пакунак з рэчамі, які Павел Вінаградаў захапіў з сабой у суд на выпадак адміністрацыйнага арышту, яму не спатрэбіўся.

Напярэдадні суду Павел казаў, што заадно паставіў сваёй акцыяй эксперымент: будуць улады караць за вулічную акцыю арыштам ці абмяжуюцца штрафам? Што паказаў, на думку Вінаградава, ягоны эксперымент?

«Што пратэставаць можна. І можна не баяцца арышту за свой пратэст. Паколькі ўлады Беларусі спадзяюцца на новы крэдыт МВФ, паколькі наперадзе вырашэнне лёсу санкцыяў супроць рэжыму, ён робіць выгляд, што ўсё добра, трымае ўсмешку на твары», – адказаў Павел Вінаградаў.

31 студзеня Павел разам з асобамі з закрытымі тварамі прынёс на ганак падатковай інспекцыі Менску на вуліцы Маскоўскай труну, на вечку якой было напісана: «У труне мы бачылі вашы падаткі».

Таксама Вінаградаў паклаў да труны плакат з надпісам «Хопіць рабаваць свой народ». Пра акцыю стала вядома праз інтэрнэт, міліцыя ўдзельнікаў не затрымлівала.

Паводле Алег Груздзіловіч, svaboda.org

Стужка навінаў