Эксперт: БелАЭС могуць аддаць у эксплуатацыю з адтэрміноўкай

video

Тэрмін здачы атамнай электрастанцыі, якую строяць каля Астраўца, могуць перанесці на год.

Такая затрымка можа быць выкліканая патрабаваннем беларускага боку паставіць новы корпус рэактара ўзамен «падрапанага» 10 ліпеня. Пра гэта на ўмовах ананімнасці «Интерфаксу» распавёў неназваны эксперт энергарынку.

Спецыяліст лічыць, што «Росатому», магчыма, давядзецца аддаць Беларусі корпус рэактара № 2 Ленінградскай АЭС-2, бо ён цяпер знаходзіцца «ў большай ступені гатовасці».

«Праблема не ў рамонце, бо там быў дотык да зямлі, пашкоджаныя некалькі трубак. Гэта можна было аднавіць проста на пляцоўцы. Але цяпер давядзецца аддаваць рэактар з другога блоку ЛАЭС-2, ён у вялікай ступені гатовасці», – лічыць суразмоўца агенцтва.

Корпус рэактара каштуе 700–800 млн рублёў. Гэткія выпадкі звычайна страхуюцца, але дадзены выпадак – наўрад ці страхавы, таму што прамая віна ў здарэнні ляжыць на генпадрадчыкуАтамбудэкспарт») і падрадчыку (ЗАТ «Сезам»). Адпаведна, гэта іх страты, удакладніў эксперт.

10 ліпеня падчас выпрабавальнага ўсталёўвання корпусу рэактара 334-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 мэтраў. Пасля працяглага маўчання Міністэрства энергетыкі Беларусі пацвердзіла чуткі. Першы намеснік кіраўніка «Росатома» Аляксандар Лакшын тады запэўніў, што ніякіх сурёзных пашкоджанняў не было, «проста сцерлася завадская фарба».

Цяперашні выпадак на БелАЭС ужо трэцці за апошні час.

ДР belsat.eu паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары