Экспарт рыбы з Беларусі ў Расею вырас амаль на чвэрць


Беларусь усталёўвае ў Расеі «санкцыйныя рэкорды».

Пра гэта піша выданне «Провэд», распавядаючы пра тое, як пасля ўвядзенне Расеяй харчовага эмбарга, вырас экспарт у гэтую краіну «нехарактэрных для Беларусі прадуктаў».

Паводле Федэральнай мытнай службы (ФМС) Расеі, са студзеня па красавік 2017 года з Беларусі ў РФ увезлі морапрадуктаў на агульную суму $ 37,7 млн – на 24,5 % больш, чым за такі ж перыяд летась. У вагавым выражэнні прырост адчуваецца яшчэ больш істотна: агульная вага ўвезенай з нашай краіны рыбы складае 10,66 тыс. тонаў, што на 57 % больш.

«Пры гэтым асабліва рэзкі прырост увозу назіраецца ў сакавіку, калі беларусы да нас прывезлі адразу 4 тыс. тонаў рыбы і морапрадуктаў. Журналісты гадаюць пра тое, ці ласось і стронга раптам завяліся ў беларускіх балотах, аднак Рассельгаснагляд разважае больш празаічна: беларусы ўвозяць да нас падсанкцыёнку», – піша расейскае выданне.

Што трапляе ў Расею

Нашая краіна пастаўляе суседзям розную прадукцыю. Большая частка паставак – сушаная, салёная альбо рыба ў расоле. Агульны аб’ём такой прадукцыі па выніках трох месяцаў дасягнуў 72, тыс. тонаў, павялічыўшыся на 18 %. У гэтую пазіцыю таксама ўваходзяць рыбная печань і ікра, імпарт якіх вырас у 6,6 разы. Пры гэтым пастаўкі салёнага і вэнджанага ласося выраслі на 24%, селядца – у 5,2 разы. З Беларусі ў Расею таксама трапляе вэнджаная скумбрыя, мінтай і стронга.

Дзе Беларусь набывае рыбу

Амаль усю рыбу, якая трапляе на расейскі рынак, Беларусь закупляе за мяжой, прычым у краінах, на якія распаўсюджваецца расейскае эмбарга. Паводле дадзеных Белстату, у студзені-красавіку беларусы імпартавалі 52,3 тыс. тон рыбы і морапрадуктаў, павялічыўшы пры гэтым закупы на 14%. У вартасным выражэнні рыбны імпарт у Беларусь вырас на 5,5% і дасягнуў $ 107,8 млн.

Амаль 75% усяго абʼёму закупаў – гэта замарожаная рыба. Яе прывозяць з Нарвегіі, Ісландыі і Фарэрскіх выспаў. Варта адзначыць, што Фарэрскія выспы рэкордна нарасцілі пастаўкі: яны завезлі ў Беларусь 3807 тонаў рыбы супраць 149 тонаў годам раней. 17% імпарту прыходзіцца на філе, якое нашая краіна набывае ў Ісландыі, Індыі і Нарвегіі.

Ўпадабаныя ўсім крэветкі едуць у Беларусь з Нямеччыны, Грэнландыі і Даніі, а амары – з Нідэрландаў, піша «Провэд». Малюскі паступаюць у краіну галоўным чынам з Італіі і Нідэрландаў, але ёсць і больш экзатычныя пастаўшчыкі – Перу і Вʼетнам: яны прадаюць кальмараў, каракаціцы і васьміногаў.

У апошнія гады Беларусь усё больш нарошчвае закупы рыбы ў краінах Азіі, нягледзячы на ​​далёкія адлегласці. Інданезія, Індыя, Вʼетнам ужо сталі пастаяннымі пастаўшчыкамі. Самы вялікі абʼём паставак у Кітая, які прывёз прадукцыі на суму ў $ 1,4 млн, павялічыўшы кошт імпарту на 23,7 %.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары