Экс-міністр абароны Латвіі: Спецслужбы мусілі ведаць пра небяспеку для Нямцова


Забіты расейскі апазіцыянер Барыс Нямцоў мог бы выконваць самую адказную працу для сваёй дзяржавы, калі б Расея пачала змяняцца, а таму і стаўся мішэнню для забойцаў, мяркуе былы міністр абароны Латвіі, дэпутат Еўрапарламенту Артыс Пабрыкс.

У палітыцы ўзмацненне рэпрэсій супраць тых, якія лічаць інакш, ідзе рука ў руку са страхам уладаў перад іншадумцамі.

«Цяпер улады ў Расеі вельмі моцныя, але з другога боку, чым мацнейшым ты становішся, тым большая рызыка, што ты можаш гэта згубіць. Можа, нехта гэтага і баіцца. Я думаю, тое, што забіваюць такіх людзей як Нямцоў, – паказвае, што сістэма стварыла магчымасць: мы можам іх кантраляваць і сачыць, але, калі спатрэбіцца, мы можам іх забіваць», – заўважыў былы латвійскі міністр.

За такімі людзьмі як Нямцоў заўсёды сочаць спецслужбы, якія мусілі мець сігналы наконт небяспекі для Барыса Нямцова, адзначыў дэпутат Еўрапарламенту. «Канфіскацыя кампютараў, якія знаходзіліся ў яго (Барыса Нямцова – Belsat.eu) дома, будзе выкарыстана, з аднаго боку, нібыта каб знайсці забойцаў, але з іншага боку, я думаю, гэта інфармацыя вельмі патрэбная тым людзям, якія яе забралі», – выказаўся спадар Пабрыкс.

Барыс Нямцоў быў раздражняльнікам сістэмы, бо агучваў факты пра ўдзел расейскіх вайскоўцаў у мілітарных акцыях на Данбасе, дадаў былы міністр.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў