Эдуарда Пальчыса перавялі ў следчы ізалятар у Жодзіне


Пра перавод зняволенага адміністратара сайту 1863x.com Эдуарда Пальчыса паведаміў грамадскі актывіст Павел Юхневіч.

На мінулым тыдні стала вядома, што Эдуард Пальчыс, меркаваны стваральнік і аўтар рэсурсу 1863x.com, вядомы пад псеўданімам Jhon Silver, экстрадаваны ў Беларусь з Расеі ды знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску. Калі адбыўся ягоны этап у Жодзіна, невядома.

Адвакатка Пальчыса Ганна Бахціна паведаміла, што дагэтуль пазбаўленая магчымасці сустрэцца са сваім падабаронным.

9 чэрвеня пад сценамі СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага адбыўся пікет салідарнасці з Эдуардам Пальчысам.

Раней Следчы камітэт паведаміў, што расследуе крымінальную справу ў дачыненні да 25-гадовага нарадзінца Гарадзеншчыны паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

За «распальванне варожасці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаванне альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў. За «распаўсюд парнаграфіі» – пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў.

МЯ, паводле svaboda.org

Стужка навінаў