Дзевяць гадоў і больш за пяць мільярдаў кіламетраў: зонд NASA даляцеў да Плутону


Амерыканскі касмічны апарат «Новыя гарызонты» праляцеў міма нябеснага цела на рэкорднай адлегласці 12 500 кіламетраў. Гэткім чынам скончылася даследаванне ўсіх дзевяці «класічных» планет Сонечнай сістэмы, пачынаючы з Меркурыя.

Зонд выканаў сваю гістарычную для касманаўтыкі місію напоўніцу: зрабіў новыя фатаграфіі ды сабраў дадатковую інфармацыю пра нябеснае цела, якое некалькі гадоў таму пазбавілі статусу паўнавартаснай планеты і ўвялі новую катэгорыю карлікавых планет. «Разжалаваны» Плутон большы, чым лічылася, а таму менш шчыльны і мае цёмна-чырвоны колер – амаль як Марс.

Спрэчкі пра тое, ці лічыць Плутон планетаю, вядуцца цягам амаль дзесяці гадоў. У нябеснага цела ёсць уласцівасці, якія істотна адрозніваюць яго ад іншых: незвычайна выцягнутая арбіта, з той прычыны Плутон часамі мяняецца месцамі з Нептунам, невялікія памеры, спадарожнікі, атмасфера.

Апарат «Новыя гарызонты», які запусцілі яшчэ ў 2006 годзе, не мае тармазнога рухавіка, таму ён адправіцца далей скрозь пояс Кёйпэра да межаў Сонечнай сістэмы.

Ёсць верагоднасць, што зонд згубіцца: апарат можа сутыкнуцца з касмічным смеццем і аскепкамі лёду, што прывядзе да яго «смерці».

Навукоўцы ж упэўненыя, што вывучэнне Плутону можа праліць святло на тое,як утварыліся Зямля і Месяц ды сфармавалася Сонечная сістэма.

 

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў